У Мінску паставілі музычны эксперымент: фэст IN Touch, дзень 2. (Фота)

На другі дзень фэсту беларусы казалі пра недахопы ў арганізацыі, а замежныя госці пра шыкоўнасць культурнага абмену.
Мінскі клуб FABRIQUE, ён жа Данькаў-клуб, 28 лютага зноў стаў месцам для фестывальных эксперыментаў. Год таму наплывам "нестандартных" людзей яго ўпершыню адмутузіў Папа Бо на трохгоддзе сваёй прома-групы.

Цяпер новае здзіўленне вызвалі арганізатары фестывалю эксперыментальнай клубнай музыкі In Touch. Яны аддалі тры паверхі клубу пад дзіўных ды-джэяў, фрыкаў, перфомансы, відэаарт і розную цікавую публіку.



Гэта быў другі дзень фестывалю. (Першы дзень можаце ўзгадаць тут).



У гэты дзень людзі, якія прыйшлі на фэст, пабачылі рэкордную колькасць артыстаў у адну ноч: выступаючых было больш за 40! На ўсіх трох паверхах нешта адбывалася.







На другім паверсе – спачатку перфомансы, пасля ды-джэі, лайф-гурты і відэаарт. На трэцім – пераважна мясцовыя ды-джэі. А на чацвертым – галоўныя зоркі: Pomassl з Аўстрыі, Mika Vainio з Фінляндыі і Signal з Нямеччыны.



Паглядзець усіх артыстаў было немагчыма (а на сапраўдных фестывалях гэта заўсёды немагчыма), таму вельмі лёгка можна было злавіць фестывальную эйфарыю, калі лётаеш ад пляцоўкі да пляцоўкі, у сярэдзіне губляешся, сустракаеш нейкіх знаёмых, слухаеш іх рэкамендацыі, ідзеш глядзець кагосьці там, пасля зноў губляешся, зноў кагосьці сустракаеш... і так да бясконцасці. Шыкоўнае адчуванне – “плыцця па фестывалю”.



Але што там было з музыкай, спытаеце вы?



Мы, пакуль канчаткова не згубіліся, таксама спыталі. У аўстрыйскага ды-джэя Pomassl, які цэлы сэт пастроіў на гульні перашкодаў, якія атрымліваліся пры дотыках рукамі, вуснамі ці галавой да джэка.



Pomassl
адказаў:
 
"Музыка — самае хуткае медыя ў свеце. Ніякія словы, прамовы, адказы не данясуць да вас так хутка ўвесь сэнс. Калі я буду словамі апісваць музыку, якая гучала сёння, мне трэба будзе зрабіць крок назад... А я хачу рухацца наперад, таму апісваю ўсё музыкай! Слухайце, і ўсё зразумееце".



Няхай прабачыць нас Pomassl, але мы працягнем апісанне словамі. Не столькі музыкі, колькі рэакцыі на яе.

Прамоўтар Папа Бо выказаў меркаванне, што фестываль быў дрэнна разрэкламаваны, таму не сабраў патрэбных людзей. Большасць з прысутных — выпадковыя:

“Мне не спадабалася, што на мерапрыемства такога масштабу, з такой колькасцю замежных артыстаў, прыйшла такая невялікая колькасць сапраўды зацікаўленых людзей. Працэнтаў 60 з усёй публікі трапіла сюды выпадкова, не ведаючы, на каго ідуць".



"Мне вельмі спадабаўся Міка Вайнё. Лічыце, дзядуля мінімал-тэхна прыехаў да нас! Гэта вельмі круты артыст, на ім, па ідэі, мусіла быць перапоўненая танцпляцоўка. А гэтага не адбылося”
– адзначыў Папа Бо.



Сапраўды, не ўсе зразумелі дзядуляў мінімал-тэхна і іншых майстроў электраэксперыментаў. Гукарэжысёр Павел так пракаментаваў фэст:

“Гаўно. Дайце мне 20 грыбоў і Reason (музычны софт – удакладненне рэд.), і за ноч я вам такі ж фэст зраблю”.



DJ Shima, напэўна, прачытаўшы думкі Pomassl, не захацеў каментаваць фэст словамі, выдаўшы ў мікрафон толькі загадкавыя гукі:

“Ээааауужжжжпшч!!!”




У нейкі момант Еўрарадыё заўважыла дзіўную тэндэнцыю: чым далей “за мяжу”, тым уражанні ад фэсту больш пазітыўныя.



Напрыклад, расійскі журналіст Антон Уткін з weborama.ru прыехаў у Мінск спецыяльна дзеля фэсту і заяўленых артыстаў:

“Шыкоўны фэст. Тут прадстаўлены ўвесь свет актуальнай еўрапейскай электроннай музыкі. Усе артысты – вельмі вядомыя людзі, якіх паважаюць, у гэтым не сумнявайцеся. Я вельмі рады быў пабачыць выступленне Сігнал. Гэта матэматыка, якую паклалі на музыку, паклалі на відэа і вельмі дакладна сумясцілі”.



Аўстрыйскі ды-джэй Алоіс Хубер (Alois Huber), як і шмат ягоных калегаў, выказываў вялікае задавальненне прыездам у Мінск:

"Калі я сюды ехаў, то ўяўляў Беларусь краінай "трэцяга свету", беднай, без індустрыі і людзей, якія цікавяцца тым жа, чым і я. І быў здзіўлены! Я пабачыў вельмі шмат цікавых людзей".



Яшчэ адзін аўстрыйскі ды-джэй Lichtfels прывёў нават прыклады свайго здзіўлення:

“Я танчыў з 60-ці гадовай жанчынай. Яна выкладчыца музыкі! Мяне вельмі ўразіла, што яна любіць і цэніць такую музыку.

І яшчэ тут вельмі чыста. У Аўстрыі на вечарынах даволі брудна, усе кідаюць цыгарэты на падлогу, сьмецяць, а тут... 5-я раніцы, а жанчына вунь ходзіць і прыбірае...”




Але чысціня, вядома, не галоўнае, што заўважылі замежныя госці:

“Гэты год вельмі добры, бо мы змаглі сабрацца ўсе разам. Неважна, з якіх мы краінаў, галоўнае, што мы можам размаўляць адзін з адным, абменьвацца культурамі. Мы можам вучыцца ў вас, вы ў нас, гэта вельмі важна!” – сказаў DJ Lichtfels.



Тут перадумаў Pomassl і да ўсяго дадаў. Словамі!

"Тое, што адбылося сёння, 28 лютага, у Мінску — гэта як Алімпія. Алімпія электроннай музыкі".




Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі