У Мінску п'яны падлетак пабіў міліцыянта
Міліцыя перакрыла доступ / Еўрарадыё
У Мінску падлетак ударыў міліцыянта пасля таго, як яму прапанавалі "прысесці" ў аўтамабіль для дастаўкі ў райаддзел. 17-гадовы хлопец затрыманы, на яго ўжо заведзеная крымінальная справа.
Як паведамляе прэс-служба МУС, інцыдэнт адбыўся 29 кастрычніка. Нарад ППС на вуліцы Мяснікова "заўважыў трох хлопцаў, якія паводзілі сябе задзірліва". У аднаго з хлопцаў былі "відавочныя прыкметы ап'янення", у іх папрасілі паказаць дакументы для праверкі, а потым прапанавалі прайсці ў аддзяленне, бо дакументаў з сабой у маладых хлопцаў не было. Адзін з маладых людзей адмовіўся сядаць у машыну і ўдарыў аднаго з міліцыянтаў у твар.
"Для спынення супрацьпраўных дзеянняў фігуранта ў дачыненні да яго былі ўжытыя фізічная сіла і спецыяльныя сродкі (у тым ліку пярцовы газ)", — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле ведамства, маладыя людзі непаўналетнія, адзін з іх ужо быў судзімы за хуліганства. Медагляд пацвердзіў алкагольнае ап'яненне ў затрыманых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.