У Мінску раптоўна адмянілі Дзень віншаванкі
Ён быў запланаваны на 18 гадзінаў 22 снежня у Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна.
У Мінску адменены Дзень віншаванкі, які быў запланаваны на 18 гадзінаў 22 снежня у Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна. Яго перанеслі на іншы дзень.
"Змены адбыліся па незалежных ад нас абставінах. Калі будзе прызначаны дакладны час правядзення мерапрыемства, мы дадаткова паведамім праз сродкі масавай інфармацыі і сацыяльныя сеткі", — паведамляюць арганізатары, культурніцкая пляцоўка "Беларуская Прастора".
Як інфармуе "Наша ніва", супрацоўнікі бібліятэкі спачатку тлумачылі людзям, якія прыйшлі на Дзень вышыванкі, што "арганізатары памянялі месца". Пасля з'явіліся самі арганізатары і абверглі гэта.
Дзень віншаванкі мусіў прайсці пад дэвізам: "Віншуем па-беларуску!". Беларусаў вочна і завочна меліся віншаваць: Лявон Вольскі, Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч, Генадзь Аўсяннікаў, Андрэй Хадановіч, Зміцер Бартосік, Серж Мінскевіч, Валярына Кустава, Леанід Дранько-Майсюк, Алена Масла, Юры Жыгамонт, Ларыса Мятлеўская, Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі, Алесь Пашкевіч, гурт GUDA і Школа традыцыйнага мастацтва ды іншыя.
Былі запланаваныя калядны кірмаш з падарункамі, частаванне смачнай "Каляднай гарбатай" і магчымасць павіншаваць сяброў, блізкіх і далёкіх сваякоў відэа-віншаванкай.
Арганізатары паведамляюць, што "Дзень віншаванкі пераходзіць у онлайн і набывае фармат відэавіншаванняў. Усе выступоўцы, якія планавалі выступіць сёння, зробяць гэта пры дапамозе сучасных тэхнічных сродкаў. Такім чынам, мы запускаем бестэрміновую акцыю "Віншуем па-беларуску!" – і запрашаем кожнага прыняць у ёй удзел, зрабіўшы сваю відэавіншаванку!".