У Мінску запазычанасць па зарплаце складала 4,6 млн рублёў
У Мінску ў кастрычніку запазычанасць па зарплаце складала 4,6 млн рублёў. Цяжкасці з яе выплатай мелі 22 арганізацыі. Палова з іх адносіцца да Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Пра гэта паведаміла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч. Паводле яе слоў, органы пракуратуры штомесяц прымаюць меры па выяўленых фактах затрымак з выплатай заробкаў. У адносінах асобных кіраўнікоў, якія дапускаюць хранічныя нявыплаты, накіраваныя лісты аб неадпаведнасці сваёй пасадзе.
Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, якая прысутнічала на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме, паставіла задачу ліквідаваць запазычанасць па зарплаце ў Мінску. Яна нагадала, што набліжаюцца навагоднія і калядныя святы, і вырашэнню праблемы трэба надаваць асаблівую ўвагу (як і маніторынгу цэн і недапушчэнню іх “неапраўднага росту”), інфармуе БЕЛТА.
На нарадзе было заяўлена, што за першыя дзесяць месяцаў 2017 года ў сталіцы намінальны сярэднемесячны заробак складае 1110,6 рубля (у кастрычніку — 1151,3 рубля).