У Мінспорту знайшлі грошы, каб накіраваць Гуркова на чэмпіянат свету
Дзесяціразовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў паедзе на чэмпіянат свету. Міністэрства спорту знайшло грошы на гэтую паездку. Пра гэта сам спартсмен распавёў “Нашай Ніве”.
“Я на зборах, усё нармалёва, ідзе падрыхтоўка, на чэмпіянат еду!” — кажа Віталь Гуркоў.
У пачатку красавіка стала вядома, што Гуркоў можа не паехаць на чэмпіянат свету па муай-тай, які пройдзе ў шведскім Ёнчопінгу з 19 па 28 мая.
Віталь Гуркоў звольнены з Мінспорту, яго могуць не адправіць на чэмпіянат свету
Спартсмен тады так патлумачыў гэта Еўрарадыё:
“Раней я быў на стаўцы ў Міністэрстве спорту. Штомесяц атрымліваў зарплату, а да таго ж ведаў, што на мяне заўжды ёсць фінансаванне. Але некаторыя члены Беларускай федэрацыі муай-тай і кікбоксінга вытравілі мяне са штатнай каманды. Таму на мой выезд трэба шукаць дадатковыя грошы, і цяпер мая паездка на чэмпіянат — пад пытаннем”.
Беларусы сабралі патрэбныя для паездкі 70 мільёнаў рублёў за некалькі гадзін. Аднак спартсмен тады не узяў гэтыя грошы, сказаўшы, што лепш ахвяруе іх у дзіцячы дом.
Але цяпер грошы на паездку на чэмпіянат свету па муай-тай знайшло ў выніку Міністэрства спорту. Цяпер Гуркоў на зборах.
“Атмасфера тут выдатная, усе займаюцца сваёй справай і не згадваюць ніякіх былых канфліктаў, задача стаіць быць маналітнай камандай і перамагаць”, — дадае баксёр і кажа, што грошы на яго паездку на чэмпіянат свету адшукаліся адразу ж, як толькі падняўся шум у інтэрнэце.
Баксёр прасіў падкрэсліць ягоную падзяку міністэрству за такі аператыўны і паспяховы пошук сродкаў.
Член прэзідыума Федэрацыі: Не бачу перашкодаў для ўдзелу Гуркова ў чэмпіянаце