У МУС адмовіліся каментаваць аўдыязапіс з голасам, падобным да Карпянкова
У МУС адмовіліся каментаваць запіс чалавека з голасам падобным да намесніка міністра Мікалая Карпянкова.
"Мы не каментавалі і не будзем каментаваць фэйкі. Задачамі МУС з'яўляецца ахова грамадскага парадку, забеспячэнне бяспекі і барацьба са злачыннасцю. У сваёй дзейнасці мы кіруемся законам", — прыводзіць TUT.by словы афіцыйнай прадстаўніцы МУС Вольгі Чамаданавай.
Як распавядала Еўрарадыё, 15 студзеня ініцыятыва экс-сілавікоў апублікавала аўдыязапіс чалавека з голасам, падобным на голас экс-кіраўніка ГУБАЗіК, а цяпер намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова. Ён распавядае, што Расія паставіла ў Беларусь 100 траўматычных пісталетаў, якія амаль не адрозніваюцца ад баявых. Па яго словах, менавіта з такога пісталета быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі. Ён рэкамендуе сваім падначаленым страляць па пратэстоўцах з такіх пісталетаў і заяўляе, што па ўжыванні зброі яны маюць падтрымку ад Лукашэнкі.
Таксама на запісе ідзе гаворка пра стварэнне лагера "для асабліва востракапытных" (гэтым словам Карпянкоў і раней называў пратэстоўцаў), а таксама пра ўзнагароды для сілавікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.