У найбуйнейшую інтэрнэт-краму Беларусі прыйшлі сілавікі
У найбуйнейшую інтэрнэт-краму Беларусі 21vek.by прыйшлі сілавікі. Як паведамляе "Наша ніва", затрыманы адзін з яе сузаснавальнікаў Павел Матусевіч. На складзе кампаніі "Трыявіст" (інтэрнэт-крама "21 век") цяпер працуе Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК.
Па некаторых ацэнках, доля 21vek.by на рынку інтэрнэт-гандлю Беларусі ў 2020-м складала не менш за 37%, а абарот перавышаў $310 млн. Вядома, што ў першым квартале 2021 года было выканана 945 тысяч замоваў.
Тэлеграм-канал @lukanomika нагадвае, што вясной 2021-га інвест-кампанія Zubr Capital актывізавала працэс выхаду з капіталу 21vek.by. Яна валодае доляй 40% (яна была набыта ў 2017-м), астатнія 60% размеркаваныя паміж заснавальнікамі трыма інтэрнэт-рытэйлера (сярод іх згаданы Матусевіч).
Калегі спрабавалі звязацца з супрацоўнікам 21vek.by, якія былі ў офісе, але ніхто з іх на сувязь не выходзіць. Па некаторых звестках, можа быць затрыманы яшчэ адзін з сузаснавальнікаў Сяргей Вайніловіч.
У аўторак сілавікі прыйшлі ў кампанію “Юркас". Яе работнік распавёў @onlinerby, што заснавальніка кампаніі Дзмітрыя Юркевіча звезлі: "Прыехалі ў масках, камеры заклеілі, забралі тэлефоны. Не магу сказаць, хто гэта быў". Паводле яго слоў, унутры было зачынена шмат людзей.
Увечары стала вядома, што супрацоўнікаў 21vek.by і “Юркас" пачалі адпускаць.
"Пакуль мы не ведаем падрабязнасцяў сітуацыі, але, нягледзячы ні на што, працягваем працаваць у штатным рэжыме...", — паведамляе тэлеграм-канал @my21vekby.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.