У нядзелю на брытанскім фестывалі “Гластэнбэры” выступіць Далай-лама

Раніцай 28 чэрвеня на буйным брытанскім музычным фэсце “Гластэнбэры-2015” выступіць Далай-лама. Духоўны лідар Тыбету ў выгнанні звернецца да публікі са словамі пра пакуты, асуджэнне гвалту і адзінства чалавецтва, паведамляе The Guardian.

У адказ улады Кітая афіцыйна звярнуліся да арганізатараў “Гластэнбэры” Майкла і Эмілі Івіс, назваўшы запрашэнне Далай-ламы “актам пасобніцтва антыкітайскім сепаратысцкім сілам”. Пра гэта піша МК. Падчас візіту ў Вялікабрытанію ў духоўнага лідара тыбецкіх будыстаў не запланавана сустрэч з уладамі туманнага Альбіёна, аднак нават нефармальныя стасункі Далай-ламы расцэньваюцца КНР прапагандай руху за аддзялення Тыбету. Арганізатары, тым не менш, заявілі, што лічаць за гонар прымаць у сябе на фэсце знакамітага кітайскага дысідэнта.

Чуткі пра тое, што Далай-лама прыедзе на “Гластэнбэры” з’явіліся яшчэ на пачатку года. Адпаведны запіс узнік да афіцыйным сайце Далай-ламы, але хутка быў выдалены.

Далай-лама выступіць на Зялёнай пляцоўцы фэста, якую арганізатары называюць месцам для адзіноты. Выступ стане часткай чатырохдзённага візіту манаха ў Вялікабрытанію.

Нагадаем, самы буйны фестываль мастацтваў у Брытаніі “Гластэнбэры” праходзіць з 1970 года.  Сёлета ён адбываецца з 24 па 28 чэрвеня. У ліку ўдзельнікаў — Florence & The Machine, The Who, Лайнал Рычы, Канье Уэст і іншыя.

Фота: mybibliotekas.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі