У Петрыкаўскім раёне невядомы абрабаваў банк
Удзень 29 сакавіка невядомы абрабаваў аддзялене банка ў вёсцы Капцэвічы Петрыкаўскага раёна Гомельшчыны, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
У абед жанчына-аператар выйшла з працоўнага памяшкання. У гэты час у банк уварваўся невядомы мужчына ў балаклаве і з прадметам, падобным на пісталет. Ён стукнуў жанчыну, звязаў ёй рукі і ногі скотчам, забраў ключ і забраў грошы з сейфа. Паводле папярэдніх звестак здабычай нападніка сталі 3005 беларускіх рублёў і 1301 долар ЗША.
Разбойны напад трапіў у аб'ектыў відэакамеры і быў заўважаны службай бяспекі банка. Служба бяспекі адразу ж паведаміла пра злачынства ў міліцыю. На месца здарэння выбыла следча-аператыўная група. Следчыя сабралі шэраг прадметаў, якія маюць істотнае значэнне для раскрыцця і расследавання злачынства, дапыталі пацярпелую, вывучылі запіс камеры відэаназірання.
Па прыкметах, якія апісала супрацоўніца банка, затрымалі 46-гадовага ўраджэнца Мазырскага раёна. Пры сабе мужчына меў грошы і прадмет, падобны да пісталета.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за разбой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.