У прадпрымальніцы з Докшыцкага раёна канфіскавалі тавар

Здарылася гэта ў суботу, 21 лютага, калі Таццяна Полазава вярталася з Новалукомля ў Докшыцы. Па словах дзяўчыны, непадалёку ад рынка ў Новалукомлі яе спыніў супрацоўнік ДАІ для праверкі дакументаў. Распавядае Таццяна Полазава:

“Пасля праверкі дакументаў, невыразнай, незразумелай, усё толкам да канца не праверылі, падышоў малады чалавек, не прадставіўся, не растлумачыў, што ды як, сказаў паказаць дакументы на тавар. Я не паказала, яны сказалі праехаць за імі”.

Каля будынка падатковай інспекцыі з машыны прадпрымальніцы вынеслі ўсе рэчы. У віну Таццяне ставілася тое, што яна прадавала тавар без дакументаў.

“Я не стала падпісваць ніякіх дакументаў, пачалі пужаць міліцыяй, што мяне забяруць ва ўчастак, арыштуюць. Пасля ў мяне пачалася істэрыка, потым у стане афекту мне пачалі падпіхваць нейкія дакументы”.

Таццяну пратрымалі ў падатковай сем гадзін. Там ёй зрабілася дрэнна, і супрацоўнікі выклікалі “хуткую”. Канфіскаваную маёмасць пакуль не вярнулі.

Пастанову на арышт і канфіскацыю падпісала інспектар Кацярына Ваўчок. Што цікава, тавар Таццяны Полазавай яна ацаніла ў нуль (!) рублёў.

Праваабаронца з Глыбокага Ганна Мартыноўская лічыць, што ў дадзеным выпадку законна дзейнічаў толькі інспектар ДАІ. Гаворыць Ганна Мартыноўская:

“Інспектар ДАІ спыніў, праверыў дакументы, а ўсё астатняе, што адбылося, — гэта несанкцыянаванае затрыманне, невядома кім, нейкімі службовымі асобамі, ці можна лічыць іх службовымі асобамі, калі яны не паказалі санкцыю на канфіскацыю тавару?”

Наогул, па яе словах, таварам можна лічыць прадметы толькі тады, калі яны рэалізуюцца на рынку, у краме або ў іншым адведзеным для гэтага месцы. Працягвае Ганна Мартыноўская:

“У дадзеным выпадку падатковая інспекцыя не мае права на дарозе, у працэсе руху, спыняць грамадзяніна, індывідуальны прадпрымальнік ён ці не, не мае права праводзіць нейкія несанкцыянаваныя праверкі”.

Таццяна Полазава разам з бацькамі збіраецца адстойваць свае правы і вярнуць свой тавар. Яны ўжо падалі скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў падатковай інспекцыі Чашніцкага раёна.

Фота:racyja.com

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі