У пустых катэджах аграгарадкоў закон не дазваляе сяліць людзей
Калі адным аграгарадкам банкі не даюць крэдытаў на пабудову новых катэджаў, то ў другіх няма каго сяліць ва ўжо пабудаваныя. А дзяржава прымушае будаваць іх яшчэ, і ад плана “развіцця вёскі” не хоча адыходзіць нават на крок — ствараючы ўсё новыя “Пацёмкінскія вёскі”, разлічвацца за якія вымушаныя вяскоўцы. Адпаведна з праграмай адраджэння і развіцця вёскі, разлічанай на 2005-2010 гады, у краіне павінны з’явіцца 1481 аграгарадок. За апошнія тры гады аграгарадкамі сталі 666 звычайных вёсак. У кожнай пабудавалі ад 30 да 60 новых катэджаў. Але, паводле афіцыйнай інфармацыі, толькі ў Віцебскай вобласці дагэтуль стаяць не заселенымі 350 з іх. Еўрарадыё вырашыла даведацца, чаму не паўсюль ідэя аграгарадкоў апраўдала сябе.
Сельскагаспадарчае прадпрыемства “Краснаполле” Расонскага раёна Віцебшчыны было адным з першых, на базе якога ў вёсцы з адпаведнай назвай стварылі аграгарадок. Па словах дырэктара гаспадаркі Сяргея Карпенкі, усе катэджы ў іх гарадку заселеныя. Кажа, калі б была магчымасць – будавалі б яшчэ, але пакуль банк не дае новых крэдытаў. І намаляваў проста ідылічную карціну жыцця вяскоўцаў у Краснаполлі.
Сяргей Карпенка: “Можаце прыехаць да нас у Краснаполле і паглядзець – вельмі прыгожы пасёлак пабудавалі. Сучасны. Дамкі ўсе пафарбаваныя, вуліцы роўненькія, сухенька, пад’езды добрыя зроблены. Вада падведзена, каналізацыйная сістэма. І ўсё гэта працуе! Катэджы на рэчцы стаяць – тут у нас Дрыса цячэ. Побач лес, каля кожнага дома гародзік ёсць. Сёлета людзі побач з дамамі саджалі градкі, там сотак па 20 атрымліваецца. Бульбу, што іншае… Хтосьці трымае курэй, хтосьці свінняў, хтосьці карову – усе ўмовы ёсць”.
А яшчэ, па словах дырэктара, у іх аграгарадку ёсць 2 аддзяленні кругласутачнага прыбыцця для сталых людзей, аптэка, медыцынская амбулаторыя, бар, школа і гэтак далей. Нават валюту можна памяняць у ашчадным банку.
Вось толькі адказаць на пытанне, наколькі рэнтабельным з’яўляецца іх прадпрыемства і якія заробкі ў супрацоўнікаў “Краснаполля”, адмовіўся катэгарычна.
Іншая сітуацыя ў аграгарадку, які з’явіўся на месцы вёскі Заднева Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Дырэктарам мясцовага СВК “Зорны-Агра” Дзмітры Дуран стаў год таму. І адразу сутыкнуўся з праблемай засялення ўжо пабудаваных там катэджаў.
Дзмітры Дуран: “Я толькі прыйшоў, мне адразу далі 5 дамоў — і раздавай каму хочаш. На чаргу паглядзелі, а там толькі 3 чалавекі ў чарзе стаіць. З суседніх вёсак даярка, жывёлавод і механізатар. Хто ў бацькоў жыў, хто ў сваёй старой хаце – проста патрэба была ў паляпшэнні ўмоў жыцця. Аддалі тры дамы ім. Два потым з вялікімі цяжкасцямі размеркавалі, і ізноў сваім – у адзін з іх на радзіму вярнулася сям’я з суседняга раёна”.
Па словах дырэктара, надзеі на тое, што ўмовы жыцця ў аграгарадках прывабяць прыехаць сюды на працу людзей з горада, не спраўдзіліся.
Дзмітры Дуран: “Людзей фізічна тых няма, якія хацелі б з горада паехаць на вёску. У той колькасці, у якой вёска адчувае цяжкасць з кадрамі. Затое хапае такіх, якія з’язджаюць з суседняга раёна, таму, што там не прыжыліся, ці то п’яніцы, ці то яшчэ якія, прыязджаюць да нас. Дом новы далі, а яны і тут не прыжыліся і ізноўку бягуць. І такіх “хадакоў” вельмі шмат. Яны толькі і гоняцца: “Новы дамок дай, дай на ўладкаванне, плот пастаў, хлеў, заробак дай мільён і вышэй”. Але ў сельскай гаспадарцы зарабіць трэба. І на пустым месцы не заробіш, калі вытворчасць у цябе не зусім на адпаведным узроўні. У нас заробкі прыблізна 480 тысяч. А мы іх вымушаныя браць, бо працоўная сіла патрэбна, а яе не хапае”.
Зараз у аграгарадку 40 новых катэджаў. Згодна з планам, да 2010 павінны быць 50. У 2008 годзе нічога будаваць не сталі – палічылі немэтазгодным. Але і ад плану адысці не могуць. Таму астатнія 10 плануюць дабудаваць цягам наступных двух гадоў. Дырэктар кажа, што трэба загадзя дамовіцца з людзьмі, што яны да іх абавязкова прыедуць, а потым будаваць дамы. Але і тут ёсць свая праблема – дамы будуюцца стандартныя, 60-80 метраў квадратных жылой плошчы. Па законе, у такія “палацы” сяліць сям’ю з трох чалавек нельга.
Дзмітры Дуран: “Прадпісваецца, каб такія дамы засяляліся з падсяленнем. Прыехаў нехта адзін – падсяляць яго да сям’і з трох чалавек. У мяне пакуль такога няма, але ніхто так засяляцца і не захацеў бы. Ды каму б захацелася: сёння нас 3 чалавекі, а можа я і далей буду нараджаць дзяцей? Калі ўсё будзе добра, праз 2 гады яшчэ дваіх дзяцей народзім. А тут падсяленцаў навязваюць. Не ведаю, як з гэтым быць”.
Да ўсяго, шмат нараканняў на якасць пабудоў. Па словах дырэктара, людзі пастаянна прыходзяць скардзіцца то на дах, які цячэ, то на рассохлую падлогу, то на дзіркі ў сценах. А за ўсё гэта багацце яшчэ трэба з банкам разлічвацца.
Дзмітры Дуран: “Банку кожны месяц плацім. Ужо не тое, што працэнты – на іх і самі крэдыты накладаюцца. І з кожным годам сумы будуць павялічвацца. Першыя дамкі ў нас па 50 мільёнаў будаваліся, а зараз яны 150 каштуюць. А мы ж пазыкі вяртаем банку не пазалеташнімі грашыма, а сённяшнімі. Складана, канешне. 40 катэджаў аплаціць, нават калі ў сярэднім па 60 мільёнаў, то вось вам і запазычанасці”.
Тэрмін выплаты па банкаўскіх крэдытах – 3-5 гадоў. За гэты час гаспадаркі проста не паспяваюць са сваёй рэнтабельнасцю назбіраць столькі грошай, каб разлічыцца. Адсюль і такія нізкія заробкі ў людзей, і нежаданне ехаць працаваць у сельскай гаспадарцы, і, як вынік, пустыя катэджы ў аграгарадках. Між тым, да канца года ў Беларусі павінен быць пабудаваны яшчэ 271 аграгарадок. На гэта выдаткавана 1,3 трыльёна рублёў. А лічба ў 350 пустуючых дамоў тычыцца толькі Віцебскай вобласці. Колькі іх па краіне, дакладных звестак няма. І колькі з’явіцца сёлета, прадказаць цяжка. Відаць, не на адну “Пацёмкінскую вёску”.