У Смалявічах нарэшце засялілі першы дом для мінчукоў (фота)

У Смалявічах (горадзе-спадарожніку Мінску) 19 чэрвеня засялілі першы дом для мінчукоў. Як піша onliner.by, павіншаваць навасёлаў не прыбыў ніхто з чыноўнікаў. Не было таксама і здымачных групаў тэлеканалаў.

Засяленне дома адбылося на паўтара года пазней за абяцаны тэрмін. І ўсё ж людзі радаваліся, бо перад гэтым многія стаялі ў чарзе на кватэру 25 гадоў.

Для мінчукоў, якія пагадзіліся будаваць сабе жытло ў Смалявічах, абяцалі ільготныя ўмовы. На момант пачатку будоўлі квадратны метр у доме каштаваў 4,8 млн рублёў — каля 560 долараў. Таксама выдаваліся льготныя крэдыты пад 6-7% гадавых, а банк крэдытаваў не 15, як у Мінску, а 20 квадратных метраў на чалавека. Падчас будаўніцтва кошт метра некалькі разоў падымаўся і ў рэшце рэшт дасягнуў 5,8 млн рублёў.

Будаўніцтва дома запаволілася ў верасні 2013-га. Перашкодай стаў указ Лукашэнкі, які ўводзіў больш жорсткі парадак вылучэння зямельных участкаў. Каб падвесці да шматпавярховіка камунікацыі, трэба было выключыць частку недатыкальных ворных зямель. Пытанне дома вырашалася на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. У выніку тэрміны здачы пераносіліся некалькі разоў. Афіцыйна дом быў прыняты ў эксплуатацыю толькі 31 сакавіка 2015 года.

Жыхары кажуць, што застаецца шмат нявырашаных праблем. Так, мясцовы ЖКГ не хоча прымаць на абслугоўванне кацельню на даху дома — маўляў, няма патрэбнага спецыяліста. Калі пытанне не вырашыцца, з жыхароў будуць браць аплату па тарыфах для юрыдычных асоб. Бліжэйшая школа знаходзіцца за тры кіламетры ад дома.

Фота — onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі