У справе "Dreamland" следства знайшло парушэнні работнікаў аквапарку

Працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб гібелі 10-гадовага хлопчыка ў аквапарку "Dreamland".

Як паведамляла Еўрарадыё, трагедыя адбылася 22 жніўня. 10-гадовы хлопчык з Гродзеншчыны прыехаў у госці да сястры ў Мінск і пайшоў з ёй у аквапарк. Там хлопчыку стала кепска. Медыкі не змаглі яго выратаваць: хлопчык памёр, не прыходзячы ў прытомнасць.

Прэс-служба Следчага камітэта заяўляе пра шэраг парушэнняў з боку адміністрацыі і работнікаў аквапарку. У прыватнасці, з вады дзіця даставалі не супрацоўнікі басейна, адказныя за бяспеку адпачывальнікаў, а самі наведвальнікі аквапарку. Яны ж аказвалі першую медыцынскую дапамогу пацярпеламу.

Следства выявіла, што большасць камераў вонкавага відэаназірання ў аквапарку на момант здарэння былі ў непрацоўным стане. У іх ліку — і тры камеры, размешчаныя непасрэдна каля месца трагедыі.

Паводле папярэдніх звестак, на целе дзіцяці няма цялесных пашкоджанняў. Смерць хлопчыка наступіла ад асфіксіі ў выніку ўтаплення. Якіх-небудзь захворванняў, у тым ліку звязаных з апорна-рухальным апаратам і органамі дыхання, у хлопчыка не было.

Следчыя згадалі, што гэта не адзіны трагічны выпадак у парку забаваў "Dreamland". Цяпер яшчэ працягваецца расследаванне крымінальнай справы, калі на адным з дзіцячых атракцыёнаў парку арымаў траўмы двухгадовы хлопчык з Мазыра.

Следчыя накіравалі ліст старшыні Мінгарвыканкаму з просьбай прыняць меры па ліквідацыі прычын і ўмоў, якія прывялі да траўмаў і гібелі дзяцей у забаўляльным парку "Dreamland".

Гібель хлопчыка ў Dreamland: версіі сведак, следства і медыкаў

Версія ўрачоў наконт трагедыі ў парку Dreamland

Відавочца трагедыі ў Dreamland: Хлопчык абмяк і паклаў галаву на борцік

Фота: sk.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі