У суседніх Літве і Польшчы — ніводнай смерці ад "свінога грыпу"

Пры гэтым у Польшчы захварэлі на грып 193 чалавекі, у Літве — 68 чалавек. Хвароба праходзіць не цяжэй, чым пры вірусе звычайнага сезоннага грыпу.

Паводле слоў дарадцы міністра аховы здароўя Літоўскай Рэспублікі Евы Паўлаўскене, у Літве на "свіны грып" захварэлі толькі 68 чалавек, і вялікая частка з іх ужо паправіліся.
Выпадкаў сезоннага грыпу ў краіне трохі болей на гэты час, чым было летась, але і па ім не эпідэмічная сітуацыя.


На пытанне Еўрарадыё, ці зафіксаваныя ў Літве смяротныя выпадкі "свінога грыпу", Ева Паўлаўскене адказала адмоўна.


Ева Паўлаўскене: "Няма, зусім няма. Ні ад "свінога грыпу", ні ад сезоннага".


Болей за тое, Ева Паўлаўскене кажа, што "свіны грып" у літоўцаў праходзіць не цяжэй за звычайны.


Ева Паўлаўскене: "Не, няма ніякіх ускладненняў. Усе людзі, што мелі свіны грып, вельмі лёгка яго перажылі, як і звычайны сезонны грып. Тыя самыя сімптомы — тэмпература, насмарк, такія самыя сімптомы, як у сезоннага грыпу".


Невялікі ажыятаж у літоўскіх аптэках ёсць, але, згодна са словамі Евы Паўлаўскене, гэта бывае штогод, калі надыходзіць сезонны грып. У некаторых аптэках паскуплялі маскі, але панікі не адчуваецца.


Галоўны санітарны інспектар Польшчы Томаш Мішталь сцвярджае, што калі казаць пра ход сезоннага грыпу ў Польшчы, то падставаў для панікі няма. У краіне толькі 193 пацверджаныя выпадкі захворванняў на "свіны грып". А за 6-7 месяцаў, кажа Томаш Мішталь, гэта вельмі невялікая лічба захворванняў. І ніхто ў Польшчы ад "свінога грыпу" не памёр.


Томаш Мішталь: "Калі казаць пра статыстыку, то ніводны чалавек у Польшчы ад вірусу А1/H1N1 не памёр".


Як даведалася Еўрарадыё, у Польшчы існуе невялікі ўздым захворванняў на сезонны грып у параўнанні з гэтым самым часам мінулага году. Але гэта звязана з надвор'ем, якое пануе ў Польшчы ды іншых краінах ЕС. А вось вірус "свінога грыпу" аказаўся не такім страшным, як меркавалася.


Томаш Мішталь: "Мы адпачатку думалі, што вірус А1/H1N1 будзе куды небяспечнейшым вірусам, больш здольным да мутацыі, але такой інфармацыі пацвердзіць не можам, бо не выклікае такую цяжкую хваробу".



Фота: blish.in.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі