У сваё пяцігоддзе "D.O.Z.SK.I." захацелі стаць дзяржаўным калектывам

Яго стваральнікі і кіраўнікі Зміцер Залескі і Вольга Скварцова-Кавальская свае першыя крокі ў аўтарскім танцы зрабілі на сцэне Беларускай акадэміі мастацтваў. Затым акцёры падпісалі кантракт з прадзюсерскім цэнтрам Magic і на першых жа канцэртах сабралі тысячныя залы.
Ужо з таго часу гурт пачаў сумяшчаць харэаграфію і драматургію, чым і заваяваў адметнасць.
За гэтым пачаўся шэраг фестываляў і конкурсаў, дзе "D.O.Z.SK.I." займалі першыя месцы і станавіліся лаўрэатамі, абыходзячы сваіх славутых замежных калег. 


Зміцер Залескі: "Гэта быў вельмі значны перыяд для нас, бо мы сталі першымі беларусамі, якія змаглі падняцца на першае месца. Тады ўсе адкрылі вочы на беларускую сучасную харэаграфію і зразумелі, што яна ўсё ж такі ёсць. Улічваючы тое, што нашымі канкурэнтамі з’яўляліся сусветнавядомыя тэатры, а мы хто? Гурток!" 


Да юбілейнага канцэрту ў Мінску гурт падрыхтаваў прэм’еру – фрагмент спектакля “Мухі на сонцы”.


Зміцер Залескі: "Гэты спектакль доўжыцца гадзіну 20 хвілінаў, таму падчас канцэрту мы пакажам толькі частку. Гэты дуэт-гульня быў абраны для ўдзелу ў міжнародным фестывалі танцавальных тэатраў Zavirovanne ў Варшаве, дзе і адбылася прэм’ера спектакля".


Увогуле, 2010 – істотны год у творчым развіцці гурта, лічаць удзельнікі "D.O.Z.SK.I.". Пасля ўдзелаў у расійскім фестывалі “Залатая маска”, польскім “Zavirovanne” і танцавальным кірмашы Дзюсельдорфа Tanzmesse гурт запрасілі выступіць з шэрагам канцэртаў у Варшаве.


"Гэта нашы першыя сур’ёзныя гастролі! У нас былі сольныя канцэрты ў Каралеўскім замку і Нацыянальным оперным тэатры Варшавы, дзе ўсё было, натуральна, вельмі сур’ёзна. Да таго ж на фестывалі ў Германіі наш выступ назвалі свежым паветрам сярод сучасных калектываў", – кажа Зміцер Залескі.


13-га кастрычніка на сцэне Палаца прафсаюзаў "D.O.Z.SK.I." прадставяць тры новыя працы:
 
Вольга Скварцова-Кавальская: "Гэта будуць творы, якіх беларускі глядач яшчэ не бачыў: фрагмент з доўгачаканага спектакля “Мухі на сонцы”, спектакль, які мы прадстаўлялі ў Варшаве – Low Freqency, а таксама пастаноўку адной з удзельніц нашага калектыву Каці Квяткоўскай і яе партнёра Стаса Сяргеева".

Сярод жаданняў і планаў на будучыню ў "D.O.Z.SK.I." – тур па Беларусі і прызнанне дзяржавы.

Зміцер Залескі : "Вельмі б хацелася стаць дзяржаўным калектывам! Хочацца быць цікавым свайму гледачу, у сваёй краіне. Мы ўпэўнены, што ў нашых гарадах ёсць людзі, якім гэта цікава. Але пакуль усё упіраецца ў бюракратычныя пытанні"


Як адзначаюць крытыкі і мастацтвазнаўцы, сучасная Еўропа зашмат эксперыментуе і часта, каб зразумець, якую краіну прадстаўляе калектыў, трэба прачытаць афішу. Беларускія "D.O.Z.SK.I." ганарацца сваім пазнавальным нацыянальным почыркам:

Зміцер Залескі: "Мне здаецца, што мы зараз прыдумляем народную сучасную харэаграфію. Гэтым, мне падаецца, мы і адрозніваемся ад усіх астатніх калектываў сучаснай харэаграфіі. Сыходзіць у чыстае contemporary dance мы дакладна не будзем". 



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі