У светлагорскіх камунальнікаў прастойвае абсталяванне, набытае 9 гадоў таму
Камітэт дзяржкантролю выявіў факты неэфектыўнага выкарыстання абсталявання арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Так, у Светлагорску неэфектыўна выкарыстоўваецца абсталяванне, набытае з 2005 года за кошт сродкаў фонду аховы прыроды. Як піша БЕЛТА, у 2005-2006 гадах камунальнае прадпрыемства "Светач" набыло за гэтыя сродкі абсталяванне па перапрацоўцы ПЭТФ-бутэлек, абсталяванне па перапрацоўцы поліэтылену і поліпрапілену, а таксама абсталяванне для атрымання тэхнічнай трубы з палімерных адкідаў. Агульны кошт абсталявання склаў 217 тысяч долараў у эквіваленце.
Аднак абсталяванне так і не ўведзенае ў эксплуатацыю. Па словах работнікаў "Светачы", яго выкарыстанне цяпер з'яўляецца немэтазгодным. Прычына ў тым, што абсталяванне тэхналагічна састарэла, мае значную энергаёмістасць пры эксплуатацыі, а вырабленая на ім прадукцыя не карыстаецца попытам.
Яшчэ адна лінія па сартаванні цвёрдых камунальных адкідаў коштам амаль 58 мільёнаў рублёў усталяваная на пляцоўцы гарадскога палігона. На момант агляду яна таксама не функцыянавала, бо да палігона не падвялі электрычнасць.
Фота — svsvetoch.by