У Светлагорску малалетняга наркадылера аддалі пад суд
Пра яго “бізнес” школьным настаўнікам паведаміла маці. Апроч таго, хлопец сам спажываў наркотыкі і меў патрэбу ў лекаванні.
Светлагорскі школьнік сядзе на лаву падсудных за гандаль спайсамі і спажыванне наркотыкаў. Пра яго занятак праваахоўнікі даведаліся ад школьных настаўнікаў, а тым у сваю чаргу пра праблемы сына паведаміла маці падлетка. Жанчына знайшла ў сына два падазроныя скруткі і вырашыла распавесці пра гэта настаўнікам, пішуць “Светлагорскія навіны”.
Адметна, што хлопец вырас у добранадзейнай сям’і і быў выдатнікам у школе. Аднак пасля 9 класа ў яго раптам змяніліся паводзіны і сталі з’яўляцца падазроныя знаёмыя — як потым высветлілася, раней судзімыя за наркотыкі асобы.
У міліцыі адзначаюць, што школьныя настаўнікі рабілі ўсё магчымае, каб спыніць падлетка, аднак на яго не дзейнічалі размовы. Пасля гэтага педагогі звярнуліся ў міліцыю.
Цяпер хлопца чакае крымінальная адказнасць — паводле апошніх зменаў у заканадаўства за злачынствы ў сферы абарачэння наркотыкаў судзяць з 14 гадоў.
Ілюстрацыйнае фота з сайта c-z-m.by