У той момант рабілі гімнастыку — як затрымлівалі пенсіянерак у віцебскім лесе
Таццяна Севярынец / facebook.com
Таццяну Севярынец — маці палітвязня Паўла Севярынца і адну з затрыманых напярэдадні ў лесе пад Віцебскам пенсіянерак — адпусцілі да суда.
Справу аб яе правапарушэнні спрабавалі разгледзець учора ўвечары, нават прывезлі Севярынец у суд, але працэс не адбыўся — ужо скончыўся працоўны дзень. У выніку Таццяну Севярынец адпусцілі дадому, а пяць астатніх жанчын, затрыманых падчас заняткаў скандынаўскай хадзьбой, пакінулі ў ізалятары, паведамляе TUT.BY.
Таццяна Севярынец распавяла парталу падрабязнасці затрымання. У тую раніцу, па яе словах, яна сабрала сябровак на майстар-клас па хадзьбе са скандынаўскімі палкамі.
"Мы стаялі на лясной дарожцы і рабілі гімнастыку — перад трэніроўкай. Раптам пад'ехала машына з таніраваным шклом, а неўзабаве з розных бакоў, як з паветра, з'явіліся людзі ў чорным. Я налічыла 12 чалавек", — распавяла Таццяна Севярынец.
"Людзі ў чорным", па яе словах, атачылі пенсіянерак, і сказалі, што яны і "з Першамайскага РАУС". Дакументы пры гэтым не паказалі. Жанчын даставілі ў райаддзел міліцыі, дзе яны правялі амаль цэлы дзень — з 10 да 18 гадзін.
У заплечніку ў Таццяны Севярынец знайшлі два бел-чырвона-белыя сцягі. Паводле яе слоў, пасля трэніроўкі яна планавала перадаць іх на захоўванне іншаму чалавеку. "Таму што цяпер такі час, што дома іх пакідаць небяспечна", — патлумачыла яна.
Тым не менш у пратаколе, па яе словах, запісалі, што яна "зладзіла ў грамадскім месцы — у лесе — пікет, махала бел-чырвона-белым сцягам".
"Аднак сцягі знаходзіліся ў мяне ў заплечніку, я імі не махала. Мы з сяброўкамі рабілі гімнастыку", — настойвае Севярынец.
На ўсіх жанчын склалі пратаколы па арт. 23. 34 КААП. Працэс па справе Севярынец пройдзе 19 студзеня. Справы астатніх жанчын могуць паступіць у суд ужо сёння, паведамляюць віцебскія праваабаронцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.