У тунэлі мінскага метро лавілі мужчыну, які хаваўся ад "іншапланецянаў"

У мінскім метро ў тунэлі паміж станцыямі "Першамайская" і "Пралетарская" лавілі 27-гадовага мужчыну. Ён вырашыў дабрацца да наступнай станцыі не на цягніку, а самастойна. Падрабязнасці гэтага здарэння Еўрарадыё распавёў супрацоўнік групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў аддзела ўнутраных спраў па ахове Мінскага метрапалітэна Арцём Гарашэвіч:

"Паводле яго тлумачэнняў, ён пабачыў каля сябе "істотаў, якія абсалютна не былі падобныя на людзей". Калі адчыніліся дзверы электрацягніка, ён вельмі моцна рвануў наперад, скокнуў на каляіну і пабег у тунэль.

Гэта ўбачыла па відэакамерах дзяжурная па станцыі, паведаміла дыспетчару і маментальна было знятае напружанне з кантактнай рэйкі. За парушальнікам пабег міліцыянт, які нёс службу на станцыі метро "Першамайская". Ён яго і затрымаў у тунэлі".


У сваіх тлумачэннях малады чалавек паведаміў, што ў гэты дзень выпіў "усяго" 2 літры піва. Цяпер ён знаходзіцца на абследаванні ў псіхіятрычнай бальніцы.

Затрымка ў руху цягнікоў склала 3 хвіліны.

Паводле словаў Арцёма Гарашэвіча, папярэдні выпадак, калі пасажыры хадзілі па тунэлю мінскага метро, быў зафіксаваны на станцыі метро "Пушкінская". Мужчына чамусьці вырашыў, што такім чынам ён хутчэй выйдзе са станцыі і... пайшоў у тупік. Міліцыянт яго хутка дагнаў і вярнуў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі