У Тураве археолагі знайшлі старадаўняе збудаванне ў форме крыжа

У Тураве (Жыткавіцкі раён Гомельшчыны) археолагі знайшлі старадаўняе збудаванне ў форме крыжа. Пра гэта паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі. Паводле яго слоў, летам 2004 года на тэрыторыі Тураўскага гарадзішча археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара гістарычных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Пятра Лысенкі раскапала арыгінальную цагляную пабудову, як мяркуецца, XVI стагоддзя ў форме старадаўняга чатырохканцовага крыжа памерам прыкладна 6,8 на 7 метраў. Вучоныя пакуль не ўстанавілі прызначэнне гэтай пабудовы, якая не мае аналагаў у свеце. Як зазначыў І.Чарняўскі, нягледзячы на навес, зроблены над раскопам, знаходка пачала разбурацца. Паводле яго слоў, гэтага трэба было чакаць, бо збудаванне з сырцовай і абпаленай цэглы, пазбаўлены звыклага стабільнага асяроддзя, не вытрымала пастаяннага ўздзеяння атмасферных ападкаў і гадавых ваганняў тэмператур, а таксама антрапагенных нагрузак. "І калі спецыялісты разам з прадстаўнікамі рэспубліканскіх і мясцовых органаў выканаўчай улады азнаёміліся са станам пабудовы, то прыйшлі да высновы аб неабходнасці тэрміновай кансервацыі раскопу з выкарыстаннем пяску без будаўнічага смецця і арганічных дамешкаў", — сказаў І.Чарняўскі. Ён патлумачыў, што ў археалагічнай практыцы кансервацыя раскопаў з дапамогай чыстага пяску з'яўляецца агульнапрынятай, калі не прадугледжана кансервацыя самога помніка дарагімі спецыяльнымі саставамі ці музеефікацыя аб'екта. "Кансервацыя раскопу ў Тураве з'яўляецца вымушанай мерай, бо ў дзяржавы пакуль адсутнічаюць сродкі, неабходныя для ўмацавання гісторыка-культурнай каштоўнасці або яе музеефікацыі", — зазначыў прадстаўнік Мінкультуры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі