У ваенна-патрыятычных лагерах дзеткі вучацца патрыятызму і зазнаюць гвалт

Колькасць ваенна-патрыятычных лагераў у краіне павялічыцца ў 3,5 разы. Відаць, за год існавання такія лагеры набылі папулярнасць. Але перад тым, як адправіць туды сваё дзіця, трэба даведацца, што разам з ім там будуць вучыцца патрыятызму тыя, хто стаіць на ўліку міліцыі. А гэта ўжо зусім іншы патрыятызм. Такі лагер можа паказацца марай амаль для любога хлопца-школьніка: рамантыка ваеннага палігона, салдацкая дысцыпліна, экскурсіі па месцах баявой славы. Дый бацькам вельмі зручна – лагер каштуе максімум 15-19 тысяч рублёў за 20 дзён.

Між тым, Аляксандр Шалік, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Слуцкага РАУС, прызнаўся Еўрарадыё: “Бацькі не ведаюць рэальнай абстаноўкі ў ваенна-патрыятычных лагерах”. Інакш яны, напэўна, спалохаліся б за сваіх дзяцей.

Аляксандр Шалік: “Тут збіраецца шмат дзяцей з асацыяльнымі паводзінамі. Іх паводзіны шукаюць выйсця. У хлапечым асяроддзі ўсё вырашае сіла. Мацнейшыя падпарадкоўваюць сабе слабейшых. Не ўсюды выхавацель даглядзіць. Слабыя дзеці зазнаюць уціск. Ой, калі капнуць глыбока, то там і сэксуальны гвалт бывае, і ўсё астатняе”.

Некаторыя дзеці збягаюць з лагера і самі трапляюць у лік “складаных”. Самавольны сыход з тэрыторыі ў такім лагеры – вялікае правапарушэнне. Начальнік аддзялення ўпраўлення прафілактыкі УУС Мінгарвыканкаму Андрэй Амбражэй кажа, што ахвярамі падлеткаў становяцца і самі супрацоўнікі лагера.

Андрэй Амбражэй
: “Ёсць выпадкі здзяйснення імі не толькі правапарушэнняў, але і злачынстваў. У мінулым годзе за лета былі зарэгістраваны 42 злачынствы, з іх 40 – крадзяжы, у асноўным, мабільных тэлефонаў адпачывальнікаў і абслугоўваючага персаналу”.

У ваенна-патрыятычным лагеры знаходзяцца адны хлопцы. “Складаных” і звычайных падлеткаў возяць на экскурсіі па месцах баявой славы (найперш, на “Лінію Сталіна”), “асаблівую катэгорыю” – на экскурсію ў ізалятары часовага ўтрымання. Увечары ніякіх мерапрыемстваў, дыскатэк – адразу адбой.

“Ідэалогія – гэта першааснова выхавання дзяцей”, — кажа Аляксандр Шалік. А Андрэй Амбражэй тлумачыць Еўрарадыё, што гэта значыць.

Андрэй Амбражэй
: “Мы замацоўваем за непаўналетнімі актыўных членаў ячэйкі БРСМ, яны праводзяць з імі індывідуальную працу. Кожны квартал яны даюць справаздачу аб зробленай працы ў інспекцыю па справах непаўналетніх”.

Цікава, што падлеткі не заўсёды трапляюць у ваенна-патрыятычны лагер добраахвотна. Вядуцца перамовы з бацькамі ці апекунамі дзяцей, якія стаяць на ўліку, і тыя даюць згоду. Нейкіх асаблівых абследаванняў дзяцей не робіцца, кажа Аляксандр Шалік.

Аляксандр Шалік
: “Усе яны ідуць у адзін калектыў. Праблемныя сем’і – п’яніцы, шызафрэнікі і г.д. І потым атрымліваецца, што разумова адсталыя знаходзяцца побач з нармальным дзіцём, уносяць дыскамфорт у яго жыццё. Адным такім учынкам мы адаб’ем жаданне ў падлетка ехаць кудысьці на аздараўленне”.

Вядома, гвалт і такія жахі здараюцца не ў кожным ваенна-патрыятычным лагеры. Але высвятляць гэта на сваім дзіцяці наўрад ці хто з бацькоў адважыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі