У Варшаве беларуса асудзілі на 4 гады турмы за шпіянаж супраць Польшчы
У Варшаве 35-гадовага грамадзяніна Беларусі Юрыя К. асудзілі на 4 гады турмы за шпіянаж супраць Польшчы. Суд прызнаў яго вінаватым у правядзенні "непасрэднай разведкі" ў раёнах размяшчэння важных польскіх ваенных аб'ектаў. Згодна з матэрыяламі суда, абвінавачаны звязваўся па мабільным тэлефоне з беларускім афіцэрам, якому перадаваў інфармацыю і ад якога атрымліваў распараджэнні. Згодна з польскім крымінальным заканадаўствам беларусу пагражала 10 гадоў пазбаўлення волі, інфармуе "Радыё Польшча".
Суд над беларусам быў часткова адкрытым, што з'яўляецца рэдкасцю пры разглядзе спраў аб шпіянажы. Паводле паказанняў сведак, Юрый К. папрасіў знаёмага паляка зрабіць фота ваеннай базы ў Быдгашчы, якая была патрэбная яму "для артыкула ў беларускай газеце". Пасля ён заявіў, што незадаволены здымкамі, бо меў на ўвазе "іншае падраздзяленне". Сведкі адзначалі, што падсудны крытычна выказваўся пра беларускія ўлады, яго стаўленне да Польшчы было станоўчым і ён не распытваў пра ваенныя справы. Пры гэтым адна сведка заявіла, што ў 2011 годзе сустракалася з Юрыем К. ў Познані і падвозіла яго да раёна, размешчанага ля авіябазы ў Кшэсіне.
Частка дакументаў следства была засакрэчаная. Вядома таксама, што паказанні на судзе даваў нейкі ананімны сведка. Падсудны назваў абвінавачанні на свой адрас "містыфікацыяй" і "няслушнай інтэрпрэтацыяй" яго прафесійнай дзейнасці. "Мая маці памерла, не перажыўшы майго арышту. З-за абвінавачанняў я страціў працу, мая газета ад мяне адраклася", — заявіў ён на судзе.
Прысуд у законную сілу яшчэ не ўвайшоў. Абарона беларуса заявіла пра яго невінаватасць і анансавала апеляцыю.
Па некаторых звестках, гаворка ідзе пра былога супрацоўніка газеты "Вечерний Гродно". На момант затрымання ў згаданым выданні ён ужо не працаваў.