У Варшаву на два дні прыедуць больш за 70 беларускіх кіношнікаў з 12 краін

Беларускія кіношнікі збяруцца ў Варшаве / unsplash.com, ілюстрацыйнае фота

Беларускія кіношнікі збяруцца ў Варшаве / unsplash.com, ілюстрацыйнае фота

18–20 жніўня ў Варшаве адбудзецца першы нефармальны з'езд беларускіх кінематаграфістаў.

Падзею ладзіць прыватная арганізацыя Belarusian Filmmakers’ Network (BFN), якая апублікавала праграму мерапрыемстваў.

"Фармат баркэмпа, абраны намі для правядзення з'езда незалежных кінематаграфістаў, спраўджвае эфектыўнасць гарызантальных сувязяў ужо на этапе планавання падзеі. Мы ўключылі ў праграму шматлікія прапановы ўдзельнікаў і пакінулі вольныя слоты для рэалізацыі ідэй фільммэйкераў "на месцы". Бо падчас узаемадзеянняў, на хвалі агульнага драйву і нараджаюцца самыя арыгінальныя канцэпцыі. Пачатак руху да стварэння агульнай стратэгіі развіцця беларускага кіно пакладзены", — падкрэслівае кіраўнік праекта, прадзюсар і фандрайзар Леанід Каліценя.

Так, у з'ездзе возьме ўдзел класік сусветнага і польскага кіно Кшыштаф Занусі, які правядзе майстар-клас на тэму "Ад аматарскай кароткаметражкі да Кан і Венецыі".

Культуролаг і кінааналітык Максім Жбанкоў будзе мадэратарам на дыскусійных панэлях "Смерць кіно ці жыццё пасля жыцця? Як сёння рабіць фільмы", "Намады супраць сістэмных: мабільны арт-актывізм ці нацыянальная індустрыя?".

У рамках арганізацыйнай платформы, прысвечанай магчымасцям для фільммэйкераў, выступяць прадстаўнікі BFN, Незалежнай кінаакадэміі (BIFA), беларускіх прадакшнаў, спецыялізаваных медыярэсурсаў пра кіно і стваральнікаў 3D-кантэнту.

У кінапраграме творча-дэгустацыйнай платформы — поўнаметражныя і кароткаметражныя дакументальныя, анімацыйныя і ігравыя стужкi, а таксама відэа-арт. Сярод іх — "Зручны хлопчык" Арсенія Алейніка; "ЧынЧыны праляцелі кукушкай" і навэла "Ператрымка" серыяла "Працэсы" Андрэя Кашперскага; "Котка" і "Шырэй Мара" Наты Карнеевай, "23.34" Тані Свірэпы і "Хваля жыцця".

Пройдуць таксама майстар-класы, як здымаць мікрабюджэтнае кіно, як інтэгравацца ў глабальны кантэкст і прасоўваць свае фільмы на міжнародным узроўні.

Плануецца, што з'езд збярэ больш за 70 беларускіх кінематаграфістаў амаль з 20 гарадоў, уключаючы Апаву, Беласток, Берлін, Варшаву, Вільню, Гданьск, Кіеў, Кракаў, Лодзь, Любляну, Паўлаград, Познань, Прагу, Рыгу, Стамбул, Тбілісі і Хайфу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі