У Віцебску выратавальнікі знялі з дрэва ігуану
Яшчарка гуляла па горадзе больш за два тыдні.
Маладую зялёную ігуану па мянушцы Мая знайшлі на дрэве ў адным з віцебскіх двароў. Каб зняць яе з дрэва, давялося выклікаць выратавальнікаў з высоўнай аўталесвіцай, піша "Комсомольская правда в Беларуси".
Гаспадар ігуаны кажа, што яна ўцякла каля двух з паловай тыдняў таму. Хутчэй за ўсё, вылезла праз фортку паласавацца лісцем, пакуль гаспадароў не было дома.
Дарэчы, з уцёкамі ігуаны звязаная і камічная гісторыя. Каля тыдня таму ў віцебскі заапарк званіў мужчына, які сказаў, што бачыць ігуану на дрэве за акном. Аднак ён быў нецвярозы, і работнікі заапарка вырашылі, што ігуана яму толькі падалася.
Фота — kp.by