У Йемене працуюць работнікі Баранавіцкага авіярамонтнага завода
Аднак на заводзе кажуць, што іх супрацоўнікі ў гэтай краіне не пацярпелі.
Як паведамляла Еўрарадыё, што ахвярамі ўзброенага нападу ў Йемене сталі два беларусы. Адзін з іх быў забіты, другі — цяжка паранены.
Як піша intex-press.by, у Йемене працуюць спецыялісты Баранавіцкага 558-га авіярамонтнага завода. У прыёмнай завода заяўляюць, што сярод пацярпелых іх супрацоўнікаў няма. Удакладніць колькасць сваіх работнікаў у Йемене адміністрацыя завода адмаўляецца, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу.
Па словах вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна, у Йемене знаходзіцца значная колькасць нашых грамадзян. Напрыклад, у 2010 годзе беларусы прадалі ў гэтую краіну 66 танкаў Т-80 БВ. Ні тэхнічная інфраструктура, ні кваліфікацыя тамтэйшых спецыялістаў не дазваляе абслугоўваць такую тэхніку. Таму, паводле сусветных стандартаў, прададзеную тэхніку нейкі час павінен абслугоўваць бок прадаўца. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Йемене заўважалі і беларускую авіяцыю, і нашых вайскоўцаў, кажа Алесін.
Фота — ctv.by