У зборнай Беларусі на Алімпіядзе Б’ёрндален паўдзельнічае ў адкатцы лыжаў
У зборнай Беларусі на зімовай Алімпіядзе ў Пхёнчхане знакаміты нарвежскі біятланіст Уле Эйнар Б’ёрндален паўдзельнічае ў адкатцы лыжаў. Пра гэта ў эфіры тэлеканала “Беларусь 5” паведаміў старшы трэнер Юрый Альберс.
“Даем магчымасць Дар’і Домрачавай быць у камфортным стане, — цытуе словы Альберса “Прессбол”. — Б’ёрндален пытаецца, што яму трэба рабіць. Больш будзе ўдзельнічаць у адкатцы лыжаў”.
Як вядома, васьміразовы алімпійскі чэмпіён не трапіў у склад алімпійскай зборнай Нарвегіі, паколькі паказваў невысокія вынікі на этапах Кубка свету. Да таго ж Уле Эйнару Б’ёрндалену ўжо 44 гады. Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў яму быць на Алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі трэнерам беларускай зборнай, у складзе якой выступіць яго жонка Дар’я Домрачава. Было меркаванне, што нарвежац і сканцэнтруецца на дапамозе ў падрыхтоўцы Дар’і.