У Зэльвенскім раёне ідзе ліквідацыя наступстваў стыхіі
"Хуткасць ветру нават цяжка разлічыць"
На Гродзеншчыне ідзе ліквідацыя наступстваў стыхіі. Найбольш пацярпеў Зэльвенскі раён. У сераду ў выніку "лакальнага ўзмацнення ветру" пашкоджаны дахі 35 жылых дамоў, дрэвы ўпалі на чыгунку і аўтадарогі, у вёсцы Беражкі загінула 43-гадовая жыхарка Ваўкавыскага раёна, якая прыехала адпачыць (на яе звалілася дрэва). "Яго хуткасць нават цяжка разлічыць", — кажа пра сілу ветру кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік, які прыязджаў на Зэльвеншчыну.
Ужо позна ўвечары 19 чэрвеня чыгуначны рух быў адноўлены. Дрэвы прыбралі і з аўтадарог.
"Падрыхтавана больш за 20 месцаў для размяшчэння тых, чые дамы найбольш пацярпелі, — кажа Каранік. — Але пакуль людзі ўсё ж такі настроеныя заставацца дома, улічваючы, што ўсё ж такі лета, а не зіма".
У чацвер будзе ацэньвацца нанесеная стыхіяй шкода. Улады абяцаюць хутка аднавіць дахі на дамах.
Ад моцнага ветру пацярпелі і лініі электраперадач. Аднаўленчыя працы працягваюцца. Яшчэ ў сераду аднавілі электразабеспячэнне дзіцячага лагера, які, на шчасце, ад стыхіі не пацярпеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.