У Жыткавічах маладога мужчыну забілі ў сварцы на глебе рэўнасці
У рэанімацыі Жыткавіцкай раённай лякарні памёр 28-гадовы мясцовы жыхар, якога ўдарыла нажом у грудзі яго 24-гадовая сужыцелька.
Як паведамілі БелаПАН у Гомельскім абласным упраўленні Следчага камітэту, трагічнае здарэнне адбылося райцэнтры ў кватэры шматпавярховага дома а сёмай раніцы 13 верасня. Пара пад раніцу вярнулася ў гасцей, абодва былі нецвярозымі. Паміж імі пачалася сварка на глебе рэўнасці.
Мужчына схапіў кухонны нож і ўдарыў дзяўчыну ў калена. Тая выхапіла ў яго нож і нанесла сужыцелю ў адказ некалькі ўдараў у грудную клетку. Затым яна выклікала хуткую. Пацярпелага даставілі ў лякарню, дзе ён і памёр.
На дзяўчыну завялі крымінальную справу за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі за сабой смерць па неасцярожнасці. Падазраваная змешчаная ў ізалятар часовага ўтрымання.
І падазраваная, і яе ахвяра раней не мелі праблемаў з законам. Дзяцей яны не маюць. Малады чалавек працаваў рабочым на адным з прыватных прадпрыемстваў. Дзяўчына збіралася з’ехаць на заробкі.
Фота з архіву