У Зімбабвэ скандал праз беларускія (ці не) аўтобусы і зямлю

Аварыя аўтобуса кампаніі Zupco у Зімбабвэ / ZBC News
Аварыя аўтобуса кампаніі Zupco у Зімбабвэ / ZBC News

За апошнія пару месяцаў у Зімбабвэ адбылося пяць смяротных аварый з аўтобусамі мясцовай транспартнай кампаніі Zupco. Мясцовыя СМІ называюць аўтобусы беларускімі, хоць на здымках відаць, што аўтобусы, якія трапілі ў аварыю, — кітайскія Golden Dragon.

В Зимбабве скандал из-за белорусских (или нет) автобусов и земли
Аварыя аўтобуса Zupco / ZimEye.net

Гісторыя дайшла да парламента краіны. Дэпутаты запатрабавалі заклікаць да адказнасці міністра транспарту Джоэла Бігі Матыза з просьбай расследаваць аварыі, звязаныя з аўтобусамі дзяржаўнай транспартнай кампаніі Zupco.

"Каб ён, прынамсі, зрабіў заяву аб тым, наколькі спраўныя гэтыя аўтобусы і як набралі кіроўцаў, — патрабуе дэпутатка Ліндзівэ Мапхоса.Мы хочам ведаць, ці адпавядаюць яны ўсім крытэрам, таму што праблемы могуць быць у аўтобусах, кіроўцах або дарогах".

І тут зноў згадваюцца менавіта беларускія аўтобусы. Хоць у крыніцы, на якую спасылаецца СМІ, пра Беларусь ні слова.

Пры чым тут увогуле Беларусь?

Аляксандр Лукашэнка рэгулярна гаворыць пра дыверсіфікацыю беларускага экспарту. "Далёкая дуга", да якой адносяцца і афрыканскія краіны, уяўляе для Беларусі асаблівую цікавасць. Пакуль што наш экспарт туды занадта малы, а значыць, ёсць патэнцыял для росту.

В Зимбабве скандал из-за белорусских (или нет) автобусов и земли
Гандлёвыя адносіны з Зімбабвэ / Беларуская амбасада ў ПАР

Год таму, у студзені 2019-га, у Беларусь прыязджаў прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва. Ён запрасіў беларусаў больш актыўна інвеставаць у яго краіну — у тым ліку і ў сельскую гаспадарку. Праз паўгода, у жніўні 2019-га, кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман далажыў Лукашэнку, што ў стадыі завяршэння "сумеснае прадпрыемства ў галіне сельскай гаспадаркі, якое будзе займацца вытворчасцю і перапрацоўкай малака, ялавічыны і птушкі".

Гісторыя з пастаўкамі аўтобусаў пачалася тады ж, у студзені 2019-га. Беларусь і Зімбабвэ дасягнулі дамоўленасці на пастаўку 500 аўтобусаў МАЗ для дзяржаўнай транспартнай кампаніі Zupco. Як мінімум 300 з іх (запомніце гэтую лічбу, яна вам яшчэ сустрэнецца) павінны былі быць дастаўлены ў выглядзе машынакамплектаў.

Не атрымалася

У верасні 2019 года, прыехаўшы ў Зімбабвэ (дарэчы, трэці раз за два гады), Шэйман змог падпісаць толькі дзве з шасці запланаваных дамоваў: мемарандум аб узаемаразуменні і мемарандум аб супрацоўніцтве, арганізацыі і падтрымцы сумеснай будаўнічай кампаніі. Пагадненні аб будаўніцтве электрастанцыі, узаемадзеянні ў галіне транспарту і лагістыкі і развіцці сельскагаспадарчых праектаў засталіся непадпісаныя.

Зімбабвійскае выданне The Herald заявіла, што Беларусь была гатовая падпісаць чатыры пагадненні, якія засталіся, але вымушаная чакаць ухвалення кабінета міністраў Зімбабвэ. У верасні 2019 года Віктар Шэйман аптымістычна заявіў, што вытворчасць аўтобусаў пачнецца ўжо ў кастрычніку-лістападзе. Але зусім нядаўна — у пачатку лютага 2020 года — газета The Sunday Mail паведаміла, што пастаўка і зборка плануецца толькі ў трэцім квартале гэтага года.

"Ні ў 2019 годзе, ні раней мы не пастаўлялі аўтобусы ў Зімбабвэ", — расказаў Еўрарадыё начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязяў па экспарце МАЗ Антон Казлоўскі. Але пацвердзіў, што работы па пастаўцы машынакамплектаў і наладцы зборачнай вытворчасці ў Зімбабвэ вядуцца. Машынакамплекты МАЗ будуць збіраць на базе мясцовага прадпрыемства AVM Africa. Тэхніку хочуць рэалізоўваць на ўнутраным рынку Зімбабвэ і ў краінах Паўднёваафрыканскага рэгіёна.

В Зимбабве скандал из-за белорусских (или нет) автобусов и земли
Віктар Шэйман і прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва

Хтосьці спрабуе сарваць здзелку?

18 лютага зімбабвійскія СМІ зноў "наехалі" на беларускія аўтобусы. У твітэр-акаўнце выдання Harare Sun з'явілася інфармацыя, што 65 новых беларускіх аўтобусаў з 300 чаканых прыбылі ў прымежны горад Бэйтбрыдж, дзе яны праходзяць афармленне. Праўда, на фотаздымках — зноў кітайскія аўтобусы Golden Dragon.

Дзяржаўны вяшчальнік ZBC і шэраг зімбабвійскіх выданняў адразу адзначылі, што аўтобусы, якія прыбылі, — кітайскія, і пастаўлены ў рамках дамоўленасцяў паміж Зімбабвэ і Кітаем, якія былі падпісаны ў студзені 2019 года, падчас еўразійскага турнэ прэзідэнта Эмерсана Мнангагвы. Што не перашкодзіла іншым СМІ пісаць пра тое, што аўтобусы беларускія.

Афіцыйны прадстаўнік беларускіх заводаў-вытворцаў у Зімбабвэ Вадзім Жук растлумачыў дзяржаўнаму тэлеканалу ZBС, што дамоўленасці паміж Беларуссю і Зімбабвэ ў прынцыпе не прадугледжваюць пастаўкі гатовых аўтобусаў: "Плануецца вытворчасць на месцы з выкарыстаннем мясцовых кампанентаў і прыцягненнем мясцовых спецыялістаў".

Асобна Вадзім Жук падкрэсліў, што да гэтага часу ні адзін з беларускіх аўтобусаў не быў дастаўлены ў Зімбабвэ.

В Зимбабве скандал из-за белорусских (или нет) автобусов и земли
Аўтобусы Golden Dragon на пагранічным пункце Зімбабвэ / Harare Sun

10 тысяч гектараў зямлі ў абмен на 300 аўтобусаў

Паралельна з прэтэнзіямі да паводзін на дарогах яшчэ не пастаўленых у Зімбабвэ беларускіх аўтобусаў разгараецца скандал вакол дзесяці тысяч гектараў зімбабвійскай зямлі. 11 лютага 2019 года газета "СБ. Беларусь сегодня" паведаміла, што Беларусь атрымала ўгоддзі ў Зімбабвэ — для рэалізацыі маштабнага сельскагаспадарчага праекта з вырошчваннем рысу, пшаніцы і стварэннем малочнай фермы на тысячу кароў, якіх планавалася завезці з Новай Зеландыі.

Праз два дні ў выданні My zimbabwe news з'явіўся артыкул пра тое, што эксперты з Мінска знаходзяцца ў афрыканскай краіне. Інвестары-беларусы "праявілі цікавасць" да асваення ўчастка на 10 тысяч гектараў зямлі каля мястэчка Канемба ў раёне Мбірэ.

В Зимбабве скандал из-за белорусских (или нет) автобусов и земли

Роўна праз год сайт ZimEye, спасылаючыся на Reuters (мы не знайшлі спасылку на гэтае расследаванне), заявіў што 10 тысяч гектараў зямлі былі незаконна прададзеныя Беларусі ўсяго за 300 аўтобусаў. Праўда, асноўны аргумент журналіста выглядае сумнеўна: ён проста супаставіў навіны пра зацікаўленасць беларусаў у 10 тысячах гектараў зямлі і пра пастаўку ў Зімбабвэ 300 аўтобусаў МАЗ. Навіны з'явіліся прыкладна ў адзін час, у студзені-лютым 2019 года.

У святле заявы Вадзіма Жука пра тое, што ні адзін беларускі аўтобус яшчэ не барозніць зімбабвійскіх дарог, фэйкам выглядае і навіна пра тое, што Беларусь расплацілася імі за 10 тысяч гектараў зямлі ў Зімбабвэ.

Няпроста працаваць з Зімбабвэ

Пры гэтым яшчэ ў 2016 годзе беларускія аналітыкі скептычна ацэньвалі патэнцыйнае супрацоўніцтва з зімбабвійцамі. Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн лічыў Зімбабвэ відавочным аўтсайдарам па ўзроўні сукупных інвестыцыйных рызык.

В Зимбабве скандал из-за белорусских (или нет) автобусов и земли
Міжнародны рэйтынг камфорту прадпрымальніцкага асяроддзя

У аналітычнай запісцы цэнтра адзначаецца высокі ўзровень карупцыі і расавая небесстароннасць уладаў. У 2016 годзе ўрад шматгадовага прэзідэнта Зімбабвэ Роберта Мугабэ аб'явіў ультыматум замежным кампаніям: "Да 1 красавіка 2016 года прадаць або бязвыплатна саступіць кантрольны пакет акцый мясцовым чарнаскурым грамадзянам або пакінуць краіну".

Аналітыкі адзначаюць, што ідэя зборкі грузавікоў МАЗ займела падтрымку на ўзроўні прэзідэнта і профільных ведамстваў Зімбабвэ. Аднак гэтая і іншыя ініцыятывы так і не былі рэалізаваныя. Галоўнымі прычынамі тармажэння працэсу сталі, з аднаго боку, марудлівасць беларускага завода і яго негатоўнасць да самастойнага фінансавага ўдзелу ў праекце, а з другога — адсутнасць "надзейнага і заможнага" афрыканскага партнёра.

Аналітыкі заўважаюць, што Савет Міністраў з году ў год прымае планы па нарошчванні экспарту ў Афрыку, планы сумесных дзеянняў беларускіх органаў дзяржкіравання і планы па рабоце з канкрэтнай краінай. Але пераважная большасць пастаўленых у іх задач выконваецца фармальна або ігнаруецца зусім.

Ужо тады Зімбабвэ прыводзіцца як негатыўны прыклад супрацоўніцтва ў галіне паставак беларускай тэхнікі на суму каля $150 мільёнаў, якія задумваліся пры крэдытнай падтрымцы беларускага Банка развіцця і ўсходнеафрыканскага рэгіянальнага PTA-Bank. Асноўнымі прычынамі ўскладненняў называюцца нізкая плацежаздольнасць афрыканскіх партнёраў і негатоўнасць нашых прадпрыемстваў узяць на сябе адказнасць і рэалізаваць праект, атрымаўшы ў выніку ўсе дывідэнды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі