U2 адыгралі канцэрт на даху

Рокеры U2 адсвяткавалі выхад свайго новага, дванаццатага ў дыскаграфіі, альбома «No Line On The Horizon» выступам на даху будынка карпарацыі BBC у Лондане. Гэты імправізаваны міні-канцэрт адбыўся ўвечар 27 лютага – у дзень выхаду лонгплэя на радзіме музыкаў, у Ірландыі. Нагадаем, што міжнародны рэліз альбома адбыўся сёння, 2 сакавіка.

Нягледзячы на тое, што выступ нідзе не анансаваўся, чуткі аб ім пачалі курсаваць у інтэрнэце яшчэ за некалькі дзён да падзеі. У выніку паслухаць U2 падаліся больш за пяць тысяч чалавек, што занялі сваёй масай Рыджэнт-стрыт, на якой размешчаны будынак BBC. Каб пазбегнуць інцыдэнтаў, паліцыя загадзя перакрыла рух аўтамабіляў па найбліжэйшых вуліцах.

Дарэчы, U2 не ўпершыню праводзяць такія канцэрты, практыка іх была закладзеная яшчэ ў 1969-м годзе чацвёркай The Beatles. У 1987-м годзе ірландцы выступілі на публіцы, калі знаходзіліся на даху Republic Liquor Store у Лос-Анжэлесе, аднак іх сэт быў перапынены паліцыяй. Кадры гэтага выступу пасля сталі часткай відэакліпа «Where The Streets Has No Name».

Лонданскі канцэрт U2 «на даху» уключыў у сябе чатыры песні. Музыкі прадставілі слухачам дзве новыя кампазіцыі – «Get On Your Boots» і «Magnificent», а таксама парачку старых хітоў – «Beautiful Day» і падыходзячую да падзеі «Vertigo» («Галавакружэнне»). Гэты міні-сэт трансляваўся ў прамым эфіры BBC Radio 2.

Раней U2 сталі гасцямі праграмы Джо Ўайлі на BBC Radio 1, дзе прадставілі свой новы альбом радыёслухачам. У інтэрв'ю Джо Ўайлі музыкі распавялі, што ўжо напачатку лета збіраюцца адправіцца на гастролі. І пры гэтым паабяцалі, што кошты на квіткі будуць «прымальнымі для шырокай публікі». «Паколькі з-за крызісу плацежаздольнасць насельніцтва рэзка звалілася, мы працуем над тым, каб зрабіць квіткі на нашы шоў як мага таннейшымі», - заявіў Бона.

Фота: www.elseptimosuenyo.blogsome.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі