Уцечак інфармацыі плана "Перамога" не выяўлена — Аб'яднаны пераходны кабінет
Удзельнікі BYPOL і Святлана Ціханоўская / фота з тг-канала BYPOL
Праверка ў BYPOL не выявіла ўцечак інфармацыі, датычнай плана "Перамога". Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК).
"На дадзены момант не выяўлена ўцечкі інфармацыі, якая назапашваецца ў рамках плана "Перамога" і іншых ініцыятыў арганізацыі BYPOL, як не выяўлена і пагрозаў для захоўваемай інфармацыі", — заяўляюць у АПК.
Таксама паведамляецца, што паміж бакамі канфлікту ў BYPOL прызначаная медыяцыя ў прысутнасці кіраўніцтва АПК.
Канфлікт у BYPOL узнік на мінулым тыдні. Кіраўнік аб'яднання Аляксандр Азараў заявіў, што супрацоўнік Мацвей Купрэйчык адмовіўся праходзіць праверку на паліграфе, быў звольнены, а пасля гэтага забраў доступ да сацсетак арганізацыі. У сваю чаргу Купрэйчык заявіў пра звальненне Азарава і Станіслава Лупаносава і паведаміў, што яго падтрымлівае большасць супрацоўнікаў арганізацыі.
Святлана Ціханоўская паведаміла, што АПК разбіраецца ў сітуацыі і Азараў працягвае выконваць свае абавязкі ў Кабінеце. У падтрымку Мацвея Купрэйчыка выказаліся байцы атрада "Атам" — група былых "байполаўцаў", большасць з якіх цяпер уваходзіць у склад палка Каліноўскага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.