Удзельніцам конкурсу "Міс Беларусь" дазволілі мець татуіроўкі і пірсінг

Пірсінг, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Удзельніцам конкурсу "Міс Беларусь" дазволілі мець татуіроўкі і пірсінг. Адпаведныя змены ў Інструкцыю аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу прыняло Міністэрства культуры сваёй пастановай.
Згодна з новымі правіламі да ўдзелу дапускаюцца дзяўчаты, "якія не маюць на целе яркіх і буйных татуіровак і пірсінгу, якія пагаршаюць эстэтычны выгляд удзельніц". Раней у конкурсе быў дазволены ўдзел дзяўчат, "якія не маюць на целе татуіровак і пірсінгу".
У 2023 годзе пераможцай "Міс Беларусь" стала Элеанора Качаноўская. Пасля конкурсу СМІ заўважылі на руцэ дзяўчыны татуіроўку. На сайце Petitions.by нават з'явілася петыцыя з патрабаваннем да арганізатараў конкурсу і Генпракуратуры правесці праверку "ў сувязі з некалькімі заўважанымі намі неадпаведнасцямі і махінацыямі". На зварот былі дадзеныя некалькі адказаў. У прыватнасці, дырэктарка і мастацкая кіраўніца "Нацыянальнай школы прыгажосці" Бажэна Ярэміч заявіла, што ў фінал конкурсу трапілі "ўдзельніцы з добрымі знешнімі данымі, з няяркімі татуіроўкамі, якія не выклікаюць непрыязнасць і лёгка маскіруюцца танальнымі сродкамі".
Цяпер Мінкульт увёў татуіроўкі і пірсінг у норму, калі яны не з'яўляюцца яркімі, буйнымі і не пагаршаюць выгляд удзельніц.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.