"Полька з Беларусі" пазмагаецца за тытул "Міс Палонія"

Бажэна Варона

Бажэна Варона / асабісты архіў

Бажэна Варона з Ліды ўвайшла ў дваццатку прэтэндэнтак на тытул "Міс Палонія" — гэта найстарэйшы конкурс прыгажосці ў Польшчы.

У Мясцовых СМІ дзяўчыну называюць "Полькай з Беларусі". Дзядуля Бажэны хадзіў у адзін клас з легендарным музыкам Чэславам Немэнам. Бацькі — выкладчыкі польскай мовы. Дзяўчына скончыла факультэт журналістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, вывучае крыміналістыку, працуе на польскім тэлебачанні.

У свой час Бажэна ўдзельнічала ў вакальных конкурсах і вось вырашыла паспрабаваць сілы ў новым амплуа. Сваю прыгажосць і асаблівасць дзяўчына апісвае словамі "камунікабельная", "інтэлектуалка", "натуральная".

"Ідэальная "Міс Палонія" павінна, перш за ўсё, быць натуральнай, як унутрана, так і вонкава. Ёй не варта выкарыстоўваць метады штучнай мадыфікацыі цела, паколькі самапрыняццё мае вырашальнае значэнне для здольнасці прадстаўляць і прымаць іншых людзей. Яна павінна вылучаць унутраную прыгажосць, дабрыню , харызму і індывідуальнасць, быць адкрытай для людзей, таварыскай, карыснай і разумнай", — такой Бажэна бачыць пераможцу конкурса.

Фінал "Міс Палонія" пройдзе напачатку ліпеня. У 2018 годзе на перамогу прэтэндавала яшчэ адна беларуска — вядомая актывістка і мастачка з Гродна Яна Шостак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі