Удзельнік прарасійскага пікета ў Мінску: Штраф — як заробак за месяц
"Шмат пагрозаў, і нават дзецям маім пагрозы. Ад вашых... Пішуць мне, злараднічаюць, што нас аштрафавалі. Нібыта я ў дзіцячым садку, і дзеці: "А-а-а-а-а!", — скардзіцца адзін з удзельнікаў прарасійскага пікета на плошчы Незалежнасці ў Мінску, аўтаслесар Сяргей Ланавенка:
“Мы нічога не парушалі! Але газеты паднялі рэзананс, і таму так атрымалася. Насамрэч, мы ніякага пікета не планавалі. Проста падтрымалі сваіх сяброў. Вось і ўсё. А калі б мы ведалі, што такі рэзананс атрымаецца — ды калі ласка, мы б дазвол атрымалі. Думаю, праблем бы не было".
4 лютага прыхільнікі "рускага свету" выйшлі на плошчу Незалежнасці ў цэнтры Мінска з трыкалорам і георгіеўскімі стужкамі. У той дзень яго ніхто не заўважыў, але пікетчыкі самі апублікавалі ў сацсетках відэа, па якім іх лёгка вылічылі. У акцыі ўдзельнічалі шэсць чалавек з незарэгістраванай арганізацыі "НВР-Беларусь" [НВР — нацыянальна-вызваленчы рух. — Еўрарадыё].
Раніцай 14 лютага ў СМІ з'явілася інфармацыя, што за парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў кожны ўдзельнік пікета аштрафаваны на 690 рублёў. Такім чынам, запамінальная рыфма "майдан — Магадан" агулам каштавала больш за $2 тысячы, ці па 367 долараў на чалавека. Па словах Ланавенкі, прыкладна столькі ён зарабляе за месяц:
"Грошы на штраф буду выкладваць са сваёй кішэні, ніхто іх мне не дасць".
Ланавенка кажа, што рэакцыя грамадства на іх акцыю яго шчыра здзіўляе.
"У мяне сябар у апазіцыі. І ён з бела-чырвона-белым сцягам. Мы з ім можам паспрачацца, і даволі часта спрачаемся. Ён сваю пазіцыю абараняе, я сваю, але мы застаёмся сябрамі. А іншы сябар, калі даведаўся, што я вось такі вось, мяне назваў ворагам. Я яго ворагам не называў, а ён мяне назваў!
Вы ведаеце, я падтрымліваю лінію Данбаса. Украіна і згубіла Данбас праз тое, што не дамаўлялася, а бамбіла гарады. Данбас ужо ніколі не будзе Украінай. Можа, хіба, пасля... Час заканчваць вайну. У мяне знаёмая дзяўчына жыве ў Горлаўцы. Трэці год жыве без вокнаў і дзвярэй. Не можа паставіць, бо разаб'юць. А яна працуе ў дзіцячым садку. У яе 250 гадаванцаў. Я за тое, каб заканчваць вайну".