Украіна адмовілася ад беларускіх тралейбусаў на 3,7 млн еўра
Тралейбус
Тралейбусы "Белкамунмаш" не будуць ездзіць ва ўкраінскім прыфрантавым Мікалаеве, кажуць у Офісе ўкраінскага Генпракурора. Сума дамовы на пастаўку тралейбусаў перавышала 3,7 млн. еўра, і бакі добраахвотна ад яе адмовіліся.
“Дамова павінна была быць скасаваная праз тое, што тралейбусы, якія падлягалі пастаўцы, вырабляліся з частак “Белкамунмаш”, які знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь, да якога ўжытыя санкцыі”, — кажуць у Офісе.
Гэта хутчэй фармальнае рашэнне, бо ўмовы дагавора і без таго не выконваліся з 2022 года. Але ж украінскі бок вымушаны быў плаціць крэдыт ЕБРР за карыстанне сродкамі, якія былі атрыманыя пад фінансаванне гэтай здзелкі. Скасаваўшы здзелку, горад нарэшце зможа набыць новыя тралейбусы — але ўжо ўкраінскай вытворчасці.
Больш чым 2 гады вайны 38 адзінак камунальнага аўтапарка горада былі разбураныя або пашкоджаныя абстрэламі з боку Расіі. Гарадскім транспартам прытым часта карыстаюцца мікалаеўскія пенсіянеры, якія з розных прычынаў не пакінулі горад. Таму для гарадскіх уладаў асабліва важна мець магчымасць падтрымліваць грамадскі транспарт у працоўным стане. Вядома, калі б тралейбусы былі беларускімі, разлічваць на абслугоўванне не даводзілася б.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.