Улады Беларусі забаранілі вывозіць рыс, муку і макароны
З Беларусі забаронена вывозіць рыс, крупы і муку грубага памолу з жыта або ячменю, а таксама апрацаванае збожжа травы і макаронныя вырабы. Адпаведную пастанову прыняў 28 сакавіка Савет міністраў, піша прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Рашэнне прынятае для таго, каб пазбегнуць дэфіцыту ў крамах краіны, а таксама для захавання харчовай бяспекі Беларусі, тлумачыць ведамства. Забарона ўводзіцца на тры месяцы.
Пад гэтае абмежаванне не трапяць тавары, якія ўвозяць у дзяржавы — чальцы ЕАЭС, а таксама ў іншыя краіны для гуманітарнай дапамогі і асабістага харчавання. Таксама пад забарону не трапяць тавары, якія вязуць транзітам з-за межаў мытнай тэрыторыі ЕАЭС.
Дарэчы, з сярэдзіны сакавіка ўрад на тры месяцы прыпыніў вываз пшанічнай мукі, грэчкі і цукру. А потым пад забарону на вываз трапілі кармы для жывёл і 254 віды прамтавараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.