Улады зрываюць з'езд Аб'яднанай грамадзянскай партыі
Апазіцыянеры атрымалі адмову ў 15 арганізацыях. З'езд павінен адбыцца 31 траўня.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Апошняй надзеяў апазіцыянераў быў Палац культуры Трактарнага завода. З яго адміністрацыяй адбыліся перамовы.
Лябедзька: "Учора а 14-й гадзіне нам сказалі, што ўсё акей, усе працэдуры прайшлі ўзгадненне. Запрасілі ў панядзелак-аўторак прыехаць, падпісаць дамову. Праз дзве гадзіны па факсе атрымоўваем пісьмовы адказ, што памяшканне быццам бы занятае".
Калі партыя не правядзе чарговы справаздачна-выбарчы з'езд, то ёй пагражае ліквідацыя. Па словах Лябедзькі, зараз апазіцыянеры гатовыя правесці свой з'езд нават на вуліцы — пад пагрозай таго, што гэта назавуць несанкцыяваным мерапрыемствам. Аднак АГП звярнулася з лістом у Мінюст па дапамогу — міністэрства абавязанае дапамагаць партыі ў выкананні статуных нормаў і задач.
Дарэчы, кандыдат на старшыню партыі пакуль толькі адзін — сам Анатоль Лябедзька.
Фота Еўрарадыё