Уладзімір Здановіч: Тэсты адсякаюць таленавітых абітурыентаў

Апроч гэтага дэпутат знайшоў падазроныя моманты ў працы прыёмных камісій і спадзяецца, што іх заўважыць Камітэт дзяржкантролю Відавочцам мінулага тыдня стаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч. Дэпутат выступіў з сенсацыйным выкрыццём хібаў сёлетняй уступнай кампаніі на прэстыжныя спецыяльнасці вышэйшых навучальных устаноў. Абітурыенты з прахадным балам, якія ўжо святкавалі сваё паступленне, у выніку засталіся без студэнцкіх білетаў.

Уладзімір Мацвеевіч, дзе выкрыўся “тонкі лёд” сёлетняй уступнай кампаніі?

— Ёсць такі недахоп ва ўсёй уступнай кампаніі, які звязаны менавіта з момантам заканчэння прыёму дакументаў. Было абвешчана, што 29 ліпеня будзе завершаны прыём дакументаў у 18 гадзін. І вось тут не зразумела: ці то ў 18 гадзін нельга будзе заходзіць у памяшканне універсітэтаў або інстытутаў, (сапраўды, там перакрыты быў доступ)? А вось далей. Што будуць рабіць тыя людзі, якія зайшлі? Сядзіць чалавек за сталом, падае дакументы, а яму кажуць, што наступіла 18 гадзін: “Значыць, мы вас прымем, а тыя, хто за вамі, даруйце, але прымаць не будзем”? І яшчэ адзін момант.

Добра, што ўся інфармацыя месцілася на інтэрнэт-сайтах: можна было зайсці паглядзець, якая колькасць абітурыентаў падала дакументы на тую або іншую спецыяльнасць, якія балы там падаюцца, якія самыя высокія, а якія самыя малыя, які шанец наогул быць залічаным у гэтую навучальную ўстанову. Інфармацыя падавалася амаль праз кожныя тры гадзіны: у 9 гадзін раніцы, у 12, у 15 і потым ужо ў 18. Усё было цудоўна да апошняга дня. У 18 гадзін людзі заходзяць на інтэрнэт-сайты і бачаць, што іх сын ці дачка займаюць 14-ю пазіцыю ў рэйтынгу паступаючых. У 23.00 зноў уключаюць інтэрнэт і бачаць, што сітуацыя не змянілася.

Усё добра. Яны ўпэўненыя, што ўжо паступілі ў гэтую навучальную ўстанову. Раніцай заходзяць на той самы сайт і бачаць, што перад імі ўжо чалавек 20 ці 25, і яны не паступаюць. Тут не было празрыстасці, якая павінна была быць.

А як Вы даведаліся пра такія выпадкі?

— Некалькі чалавек звярнуліся да мяне як да дэпутата, што на момант, калі прыём дакументаў быў скончаны, вынікі былі аднымі, а потым раніцай сталі іншымі.

А ў якіх навучальных установах былі такія выпадкі?

— Гэта было ў розных вышэйшых навучальных установах, прычым гэта тычыцца менавіта прэстыжных спецыяльнасцей.

Прэстыжных спецыяльнасцей… Што вы маеце на ўвазе?

— А я маю на ўвазе міжнародныя адносіны, эканоміка і так далей.

На ваш погляд, у чым праблема: гэта кепская праца прыёмнай камісіі ці карупцыя?

— Тут магло быць некалькі варыянтаў. Ці то людзі, якія павінны былі ўносіць змены на сайты, проста пайшлі дахаты, таму што ў іх працоўны дзень скончыўся ў 18 гадзін, ці то не паспелі ўнесці апошнія звесткі, таму перанеслі ўсё на раніцу. Тут можна розныя меркаванні выказваць і рабіць розныя высновы.

А вы не плануеце звярнуцца ў Камітэт дзяржкантролю?

— Я думаю, што яны ўжо прачыталі інфармацыю ў прэсе і будуць рабіць пэўныя высновы.

Што неабходна зрабіць, каб у будучыні такое не паўтарылася?

— Патрэбна, каб вось гэтыя сайты, калі ўжо у 18 гадзін прынялі ўсе дакументы, на працягу трох гадзін усё падлічылі і змясцілі ўсю інфармацыю ў інтэрнэце.

Нагадаю, з вамі Віталь Малькевіч і відавочца тыдня дэпутат Уладзімір Здановіч. Мы сустрэнемся з вамі пасля невялікага музычнага перапынку і працягнем размову пра хібы сёлетняй уступнай кампаніі. У прыватнасці, пагаворым пра цэнтралізаванае тэставанне і магчымасці вяртання да старой сістэмы ўступных іспытаў. Заставайцеся з намі.

Частка 2

Вяртаемся да размовы пра хібы ў прыёмнай сістэме ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. З вамі Віталь Малькевіч і відавочца тыдня, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч. Мы пагаварылі пра тое, што абітурыенты з прахадным балам, якія ўжо святкавалі сваё паступленне, у выніку засталіся без студэнцкіх білетаў. Па словах спадара Здановіча, гэтую праблему паспрабуюць вырашыць у наступным годзе. А вось што датычыцца саміх тэставанняў, наколькі складанымі былі сёлетнія заданні. У мінулым годзе, напрыклад, былі шматлікія нараканні на складанасць, заблытанасць тэстаў і неадназначнасць варыянтаў адказаў. Уладзімір Мацвеевіч, вы цікавіліся сёлетнімі тэстамі?

— Я сапраўды цікавіўся гэтымі тэстамі хаця б таму, што ў гэтым годзе мая меншая дачка здавала ўступныя іспыты. Беларуская мова не выклікала ніякіх недахопаў, матэматыка таксама, а вось фізіку, якую яна здавала, акурат там і былі праблемы. Гэта непарадак, калі кожны пяты абітурыент не вытрымаў тэст па фізіцы. Ніхто не набраў максімальную колькасць балаў. Толькі адзін чалавек 95 набраў. Гэта значыць, што тэсты па фізіцы былі значна завышанай ступені складанасці.

Можна па-рознаму гаварыць, што можна адбіраць і з меншай колькасцю балаў, але калі кожны пяты выбыў з гульні — гэта непарадак. Гэта азначае, што з такімі тэстамі трэба праводзіць пэўную работу. І калі б была такая магчымасць пасадзіць тых, хто складаў гэтыя тэсты, і прымусіць іх рашыць, і калі б сотню балаў яны не набралі, то не дапускаць іх наогул на гарматны стрэл да працы над тэстамі.

Ці эфектыўнае тэставанне пры адборы лепшых абітурыентаў, на ваш погляд?

— Калі вы паставіце пытанне распрацоўшчыкам тэста, ці можна з дапамогаю тэста адабраць сапраўды адораных людзей, то вам адкажуць — не! Нельга адабраць з дапамогаю тэста сапраўды адораных людзей. Мы адбіраем сярэдніх па здольнасцях абітурыентаў, якія могуць хутка рашаць, хутка адказваць на нейкія пытанні. А вось сапраўдны талент не палягае толькі ў хуткасці адказаў.

Ёсць людзі, якія больш марудна рашаюць задачы, але яны рашаюць вельмі складаныя задачы. Адабраць такіх людзей з дапамогай тэста, на жаль, не ўдаецца. Неабходна шукаць кампраміс паміж той, старой сістэмай і паміж гэтымі тэстамі. Патрэбны нейкі сімбіёз, каб быў бачны чалавек, нейкая гутарка з чалавекам, каб паглядзець, што ён сабой уяўляе.

А вам самому як бацьку абітурыенткі спадабалася такая сістэма з тэставаннем і падачай дакументаў, якая, па сутнасці, з’яўляецца латарэяй. Можаце падаць дакументы сярод апошніх, мяркуючы, што паступілі, а потым высветліцца, што — не.

— Мне гэта спадабалася, хоць, ведаеце, гэта такі нервовы стрэс заўсёды, таму што глядзіш і не ведаеш, а раптам у апошнія дзве-тры гадзіны нехта прынясе яшчэ пачак дакументаў, 5-10 чалавек, і цябе ссунуць на канец гэтай чаргі, а то і зусім можаш застацца без студэнцкага білета. Гэта цяжка. Але гэта ўсё ж такі інфармацыя. Валоданне інфармацыяй — гэта вельмі важна. Бачым, што на такія факультэты пададзена шмат заяў з высокімі баламі, якія набралі на тэставанні, дык навошта туды ісці? Гэта ж вядома, што не паступіш.

А куды паступала ваша дачка і колькі балаў набрала?

— Дачка вельмі добра здала тэставанне: 91 бал па матэматыцы, па беларускай мове 82, а фізіку яна здала на 56, прычым гэты вынік трапіў у 4% лепшых па краіне. Выбіралі спецыяльнасць такую, якая спатрэбіцца ў жыцці. Гэта звычайная працоўная спецыяльнасць — матэрыялазнаўства.

Вы на хвалях Еўрарадыё. З вамі Віталь Малькевіч і дэпутат Уладзімір Здановіч, і мы абмяркоўваем уступную кампанію ды праблемы, якія ўзнікаюць падчас яе. Заставайцеся з намі і вы даведаецеся, колькі і якія прапановы дасылалі падчас абмеркавання законапраекту “Аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi”.


Частка 3

— Уладзімір Мацвеевіч, вы старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў і непасрэдна курыруеце законапраект “Аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi”. У сярэдзіне жніўня праект быў змешчаны ў інтэрнэце для народнага абмеркавання і збору прапаноў. Колькі лістоў вы атрымалі, і што прапаноўвалі?

— Мы вельмі чакалі, што камісія будзе засыпаная лістамі з прапановамі. Атрымалі толькі тры лісты за ўвесь час, калі быў апублікаваны ў інтэрнэце гэты праект закону. Прапановы ёсць слушныя, а адна прапанова была для мяне нават смешнай, таму што яна прыйшла ад Таварыства беларускай мовы.

Я спадзяваўся, што яны напішуць вельмі шмат выказванняў наконт гэтага закону, нейкіх сваіх прапаноў цэлае рэшата насыплюць, а аказалася, што яны проста папрасілі раздрукаваць для іх гэты праект і даслалі некалькі квітанцый з просьбай падпісацца на сваю газету. Вось і ўсё. Прапаноў няма. Таму цяпер няма супярэчанняў, каб закон разглядаўся на бягучай сесіі. Я мяркую, што ўжо ў бліжэйшую сераду мы правядзем працоўнае пасяджэнне камісіі, на якім афіцыйна замацуем законапраект у парадку дня бягучай сесіі.

— А яшчэ можна ўносіць свае прапановы?

— Калі ласка. Гэта можна будзе рабіць, я так планую, на працягу года, не меней.

На хвалях Еўрарадыё быў відавочца тыдня дэпутат Уладзімір Здановіч і я, Віталь Малькевіч. Сустрэнемся з вамі ў гэты ж час, на гэтым месцы роўна праз тыдзень. Поўную версію праграмы “Відавочца тыдня”, а таксама шмат чаго цікавага чытайце і слухайце на нашым сайце belradio.fm. Добрага настрою. Заставайцеся з Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі