Уладзімір Зяленскі палягчае рэлакацыю беларускіх айцішнікаў ва Украіну
Уладзімір Зяленскі
Украіна з новай сілай ўключаецца ў барацьбу за беларускія мазгі, якія пад уплывам апошніх падзеяў гатовыя выцякаць з Беларусі. Уладзімір Зяленскі прыняў меры для палягчэння рэлакацыі ва Украіну беларускіх IT-прадпрымальнікаў і спецыялістаў высокага класа.
Ва ўказе прэзідэнта Украіны №420/2020 пералічаныя крокі, якія павінен зрабіць украінскі ўрад:
— падоўжыць да 180 дзён за год тэрмін часовага знаходжання на тэрыторыі Украіны грамадзян Беларусі, іміграцыя якіх адпавядае інтарэсам Украіны, і іх сваякоў. Цяпер гэты тэрмін аднолькавы для ўсіх і роўны 90 суткам.
— спрасціць афармленне віду на жыхарства для грамадзянаў Беларусі, у якіх зацікаўленая Украіна. Тэрмін атрымання такіх дакументаў павінен быць скарочаны да трох дзён — без неабходнасці дадаткова выязджаць за межы ўкраінскай тэрыторыі.
— аптымізаваць парадак атрымання дазволаў на выкарыстанне працы іншаземцаў і асоб без грамадзянства для працаўладкавання грамадзян Беларусі, якія з'яўляюцца высокакваліфікаванымі ІТ-спецыялістамі.
— удасканаліць працэдуру рэгістрацыі беларускіх IТ-спецыялістаў як фізічных асобаў-прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку.
— прызнаваць дакументы, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі Беларусі, якія неабходныя для ажыццяўлення працоўнай дзейнасці ў Украіне.
Указ набывае моц са дня яго апублікавання.
Напачатку верасня стала вядома, што ва Украіну пераехаў беларускі адвакат Дзяніс Алейнікаў — адзін з ідэолагаў дэкрэта Аляксандра Лукашэнкі №8 "Аб лічбавай эканоміцы". Ён распавёў, што будзе ствараць у Кіеве нешта накшталт беларускага Парка высокіх тэхналогій.
Існаванне аналага ПВТ у Кіеве — яшчэ адзін довад на карысць рэлакацыі для айцішнікаў, якім надакучыла беларуская нестабільнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.