Уладзіміра Мацкевіча хочуць судзіць за мітынг, на якім яго не было
Метадолаг і вядомы грамадскі актывіст Уладзімір Мацкевіч атрымаў позву ў суд Цэнтральнага раёну Мінску на 15 сакавіка. Там будзе разглядацца адміністратыўная справа на яго за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 15 лютага.
Сам Мацкевіч здзіўлены гэтай позвай, бо, па яго словах, на мітынгу ён не быў.
"Я наогул не хацеў ісці на гэты суд, бо мяне там не было. Але тут яны прыслалі новую позву. Я не ведаю, чаму позва прыйшла мне, бо я там не быў. Як звычайна, відаць, выклічуць сведкаў-міліцыянтаў, якія скажуць, што бачылі мяне, ды і ўсё. Я думаю, што яны проста папаўняюць такім чынам бюджэт", — паведаміў Мацкевіч у каментары Радыё "Свабода".
Раней Мацкевіча выклікалі да следчага. І калі актывіст не з'явіўся, то на яго склалі пратакол за нез'яўленне па позве.
Як паведамляла Еўрарадыё, 9 сакавіка за ўдзел у несанкцыяваных акцыях, якія прайшлі 15 і 22 лютага, у Мінску на значныя сумы аштрафавалі Алеся Абрамовіча, Мікалая Статкевіча, Алеся Макаева, Мікалая Казлова.