Ураджэнку Украіны асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020-га ў Брэсце
Следчы камітэт сцвярджае, што на фота 2020-га Алена Дзмітрыева
Ураджэнку Украіны 51-гадовую Алену Дзмітрыеву асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020-га ў Брэсце. Яе справу разглядаў суд Брэсцкага раёна. Як паведамляюць праваабаронцы, у панядзелак суддзя Вольга Сухадольская асудзіла палітзняволеную на тры гады "хатняй хіміі". Пасля абвяшчэння прысуду жанчыну вызвалілі ў зале суда. З улікам часу, які яна правяла ў СІЗА, ёй застанецца адбыць каля двух з паловай гадоў.
Пра затрыманне Дзмітрыевай на польска-беларускай мяжы стала вядома ў жніўні. Яна ездзіла ў Польшчу па пакупкі. На пашпартным кантролі памежнікі зацікавіліся тым, што жанчына нарадзілася ва Украіне (яна мае беларускае грамадзянства, доўгія гады жыве ў Брэсце). Далей людзі ў цывільным запатрабавалі ў яе тэлефон. Там знайшлі рэпосты з "экстрэмісцкіх" крыніц. Спачатку быў адміністрацыйны арышт (15 сутак), а пасля ўзнікла крымінальная справа. Суда Алена Дзмітрыева чакала за кратамі. Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
Следчы камітэт заявіў, што Дзмітрыева ўдзельнічала ў вулічнай акцыі 13 верасня 2020-га ў Брэсце, "выбягала на дарогу, танчыла і здымала тое, што адбываецца на мабільны тэлефон", тым самым "прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак".
"Карагодная справа" — адна з самых масавых рэпрэсіўных крымінальных спраў пасля пратэстаў 2020 года ў Беларусі. За ўдзел у акцыі пратэсту, якая прайшла 13 верасня 2020 года ў Брэсце, ужо асуджана больш за 130 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.