Усяго чатыры паходы ў паліклініку, і ты — донар
4 студзеня ў Гарадской дзіцячай інфекцыйнай лякарні ў Мінску прайшоў дзень донара. За месяц да акцыі паўдзельнічаць у ёй запрасіў праз Facebook загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі лякарні Максім Ачарэтні. Доктар падкрэсліў, што акцыя дабрачынная. Але добрыя справы, якія дактары зробяць з дапамогай здадзенай крыві, нашмат даражэйшыя за грошы. Так падумалі мы на Еўрарадыё — і выправілі рэдактарку Машу Калеснікаву стаць донарам.
А Марыя па вяртанні ў рэдакцыю распавядае нам, як няпроста ў Беларусі зрабіць добрую справу — аддаць сваю кроў для дапамогі людзям.
Частка 1: Паліклініка
Маючы донарскі досвед (у студэнцтве з сяброўкай раз на год такім чынам падзараблялі і мелі вольныя ад заняткаў дні), я лёгка пагаджаюся паўдзельнічаць у акцыі. Аднак перад тым, як дапамагчы дзіцяці ці даросламу, трэба прайсці квэст пад назвай “даведка аб стане здароўя” ў паліклініцы.
Запісаўшыся да тэрапеўта і агучыўшы прычыну майго з’яўлення ў кабінеце — хачу стаць донарам — атрымліваю накіраванне на аналізы крыві і мачы, флюараграфію, ЭКГ і прыём да гінеколага. Гэта “стандартны набор”, які ці пакажа, што я здаровая, ці выявіць, што мне нельга быць донарам.
Мне, можна сказаць, шанцуе. У той жа дзень пасля тэрапеўта атрымліваецца здаць аналіз крыві, зрабіць ЭКГ і флюараграфію — чэргі ў паліклініцы на дзіва не касмічныя, і я трачу на чаканне пад кабінетамі ўсяго паўтары гадзіны працоўнага часу (крута, калі начальства падтрымлівае добрыя намеры супрацоўніка). Праз дзень заношу аналіз мачы і забіраю вынік флюараграфіі. Праз тыдзень наведваю гінеколага, яшчэ на наступны дзень — зноў тэрапеўта. Усяго чатыры паходы ў паліклініку, і даведка пра тое, што ты здаровая і з’яўляешся патэнцыйным донарам — у кішэні!
Здаецца, стаць донарам не складана: трэба быць здаровым чалавекам ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, вагой не менш за 55 кг. Але на сайце РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, які займаецца зборам і даследаваннем крыві, ёсць пералік медыцынскіх супрацьпаказанняў і станаў, пры якіх донарства немагчымае. Калі чытаеш гэты спіс, то разумееш, што патрапіць у групу цалкам здаровых унікумаў даволі складана.
Добры гемаглабін і талон на гарбату
Раніцай 4 студзеня прыязджаю на Якубоўскага 53. На другім паверсе паліклінікі дзіцячай інфекцыёнкі працуе выязная брыгада Гарадскога цэнтра трансфузіялогіі 6-й клінічнай бальніцы. Пры сабе маю пашпарт і даведку аб стане здароўя. Дзве медработніцы заводзяць на маё імя медыцынскую картку. Я падпісваю паперку, што згодная здаць кроў бясплатна, і запаўняю анкету, у якой адказваю на пытанні кшталту “Ці хварэлі вы калі-небудзь на сіфіліс?”, “Ці мела цягам года секс з ВІЧ-станоўчым чалавекам?”, “Ці не з’яўлецеся цяжарнай?”, “Ці маеце татуіроўкі?”. Донарам можна стаць толькі праз год пасля таго, як наб’еш тату.
Пасля рэгістрацыі іду да доктара-трансфузіёлага. Ён пытаецца, ці была я калі-небудзь донарам, ці добра сябе адчуваю, мерае ціск, слухае фанендаскопам лёгкія і накіроўвае на папярэдні аналіз крыві.
Здаю кроў з пальца: на рэзус-фактар і гемаглабін. “Першая станоўчая група. Добры гемаглабін — 138!” — радасна аб’яўляе медсястра і дае талон на гарбату!
Перад працэдурай здачы крыві варта папіць салодкай гарбаты. Тут жа ўрачыста атрымліваю паёк донара: два пачкі ванільнага зефіру, два пачкі мармеладу, гематаген, пячэнне і вафлі. Слодычаў хапае, каб пасля пачаставаць усю рэдакцыю.
21 рубель на “узмоцненае харчаванне”
Працэдура данацыі праходзіць хутка. Не паспяваеш апомніцца, як у празрысты мяшочак нацякае 450 мілілітраў тваёй роднай крыві.
“Пасля гэтага аналіз крыві адправіцца на праверку, — тлумачыць працэдурная медсястра, якая збірае кроў. — Калі аналіз добры, на кроў клеяць марку, і яна ідзе на пераліванне”.
Усмешлівыя дактары пытаюцца, ці добра я сябе адчуваю (добра), а потым накіроўваюць па грошы на “узмоцненае харчаванне”. Мне выдаюць 21 рубель! То бок, нават дабрачынная здача крыві не адбываецца бясплатна — пра донара клапоцяцца як могуць.
На чэрвень 2018 года ў Беларусі было больш за 96 тысяч донараў. Але ці захаваецца гэтая колькасць, калі донарства стане бясплатным?
У спісе на здачу крыві — 42 чалавекі, 95% з іх — медыкі
"Арганізацыя дзён донара менавіта “на вытворчасці” зручная для нашых супрацоўнікаў, — распавядае Максім Ачарэтні. У бальніцы ён таксама адказвае за донарства. — У нас ёсць свой тэрапеўт, які перад кожнай кровадачай выдае ўсім супрацоўнікам даведкі пра стан здароўя, і нам не трэба стаяць у чэргах у паліклініках".
Па словах доктара, менавіта даведка часта становіцца перашкодай для патэнцыйных донараў: людзі хочуць дапамагаць, але не хочуць траціць час на фармальнае наведванне паліклінік:
“Донараў і так не шмат, таму што здаровых людзей не шмат… А вось колькасць пасрэднікаў паміж донарамі і рэцыпіентамі ў Беларусі каласальная, хаця гэта вельмі важная і патрэбная справа. У Польшчы ці Ізраілі, напрыклад, на вуліцах гарадоў стаяць адмысловыя аўтобусы, у якіх збіраецца кроў. Любы жадаючы туды заходзіць, запаўняе анкету, аглядаецца тэрапеўтам і праходзіць данацыю. А тут... Уявім, што прыехаў хворы чалавек, напрыклад, з Магадана ў Мінск, прапісаўся, прыпісаўся да паліклінікі і вырашыў здаць кроў — у яго чыстая гісторыя, і даведка будзе выдатная. На мой погляд (магчыма, я памыляюся) даведка — зусім непатрэбная рэч. Тым больш, тут сядзяць дасведчаныя тэрапеўты, якія ведаюць, што пытацца, як падысці да чалавека. Я вельмі спадзяюся, што аднойчы гэтая фармальнасць знікне, як гэта адбылося ў большасці краін свету”.
У 2020 годзе Беларусь збіраецца перайсці на бясплатнае донарства. Пакуль жа беларусы не грэбуюць зарабляць на ўласнай крыві: за 450 міліграмаў дзяржава плаціць 96 рублёў 39 капеек. Для некаторых людзей гэтыя грошы — добры дадатак да невялікіх заробкаў. Але, кажуць спецыялісты Гарадскога цэнтра трансфузіялогіі, да донараў, якія не бяруць грошы за кроў, больш даверу: іх кроў, як правіла, больш бяспечная.
Кожны чацвёрты донар цяпер — ідэйны: у цэнтры такія людзі абслугоўваюцца без чаргі. Па словах дактароў, у сувязі з развіццём у Беларусі транспланталогіі, патрэбнасць у донарскай крыві расце. Таму да донараў мусіць быць самы далікатны падыход.