Уведзеныя “рэвалюцыйныя змены” ў палажэнне пра дзяржрэгістрацыю

Парадак рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання спрашчаецца, але недахопы застаюцца, лічыць юрыст і эканаміст Сяргей Балыкін. Нагадаем, што новы парадак рэгістрацыі ўстаноўлены дэкрэтам прэзідэнта Беларусі ад 17 снежня. На думку Балыкіна, дэкрэт унёс “сапраўды рэвалюцыйныя змены” ў палажэнне пра дзяржрэгістрацыю і ліквідацыю суб’ектаў гаспадарання.

У іх ліку – скарачэнне тэрміну рэгістрацыі з цяперашніх 20 да 5 дзён; памяншэнне ў два разы мінімальных памераў статутных фондаў; скарачэнне пераліку дакументаў, неабходных для рэгістрацыі; магчымасць не прадастаўляць звесткі пра ўласнікаў маёмасці камерцыйнай арганізацыі – фізічных асобаў і шмат іншага.

Але самым важным новаўвядзеннем эксперт лічыць выключэнне абавязку рэгіструючых органаў праводзіць праверку дакументаў, якія прадастаўляюцца для дзяржрэгістрацыі.

У той жа час Сяргей Балыкін адзначае, што захавалася мноства недахопаў, якія ўласцівыя беларускай сістэме рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання. Напрыклад, практычна не змяніўся пералік падставаў для адмовы ў рэгістрацыі.

“Па-ранейшаму можна адмовіць у рэгістрацыі новага суб’екта гаспадарання толькі таму, што яго заснавальнік пачаў працэс ліквідацыі сваёй старой фірмы, але працэс гэты не завершаны, - адзначыў С. Балыкін. – Захоўваецца і вялізны пералік падставаў для пазасудовай ліквідацыі юрасобаў. Напрыклад, за вельмі доўгае невядзенне дзейнасці ці за вельмі малы заробак працаўнікоў”.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі