Ва Украіне зноў абмяркоўвалі магчымае звальненне генерала Залужнага

Генерал Валерый Залужны (злева)

Генерал Валерый Залужны (злева) / t.me/CinCAFU/

Увечары 29 студзеня ва Украіне (і не толькі) зноў абмяркоўвалі магчымае звальненне генерала Валерыя Залужнага, галоўнакамандуючага Узброеных сіл Украіны. Нібыта прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ўжо падпісаў адпаведны ўказ ці збіраецца гэта зрабіць. Як піша "Украінская праўда" са спасылкай на крыніцу ў Савеце па нацыянальнай бяспецы і абароне, Залужнага "выклікалі і прапанавалі іншую пасаду", паслом у адной з краін, але ён адмовіўся. Аднак у Офісе прэзідэнта, у Стаўцы вярхоўнага галоўнакамандуючага кажуць, што генерал не звольнены, указу няма. А Мінабароны Украіны ў сваім тг-канале напісала: "Шаноўныя журналісты, адразу адказваем усім: Не, гэта няпраўда". А што няпраўда, не патлумачыла.

Абмяркоўвалася, што асноўнымі кандыдатамі на замену Валерыю Залужнаму з'яўляюцца "лаяльныя Зяленскаму" Кірыл Буданаў, кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны, і Аляксандр Сырскі, камандуючы Сухапутнымі войскамі УСУ. Гэтыя абмеркаванні актыўна падхапіла расійская прапаганда.

Нарэшце прэс-сакратар украінскага прэзідэнта Сяргей Нікіфараў паведаміў, што Уладзімір Зяленскі не звальняў Валерыя Залужнага.

Чуткі пра звальненне Залужнага з'яўляюцца не першы раз. Мяркуецца, што ён мае вялікую папулярнасць не толькі ва ўкраінскім войску, але і ў грамадстве. І на будучых прэзідэнцкіх выбарах генерал Валерый Залужны можа перамагчы. На гэтым фоне СМІ паведамляюць пра яго магчымы канфлікт з Уладзімірам Зяленскім. Сам Залужны пра свае палітычныя амбіцыі не заяўляў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі