Ва Украіне назвалі явачныя адрасы расійскіх шпіёнаў у Беларусі

Ва Украіне назвалі явачныя адрасы расійскіх шпіёнаў у Беларусі

Днямі ў Кіеве асудзілі ўкраінца на 9 гадоў пазбаўлення волі за перадачу Расіі сакрэтнай інфармацыі. Ён назваў адрасы ў Беларусі, дзе сустракаўся з расійскім куратарам для перадачы звестак пра мадэрнізацыю і рамонт штурмавой авіяцыі Узброеных сілаў Украіны, перадае Радыё "Свабода".

Мужчына працаваў слесарам на Запарожскім дзяржаўным авіярамонтным заводзе "Міграмонт" у сістэме "Украбаронпраму". Яго затрымалі сёлета ў ліпені, калі мужчына спрабаваў перадаць чарговыя сакрэтныя дакументы. Украінец паведаміў, што тройчы сустракаўся з расійскімі разведчыкамі на тэрыторыі Беларусі.

17 студзеня 2017 года ён перадаваў сакрэтную інфармацыю ў Гомелі (на вуліцы Савецкай, 27). А потым перадача даных двойчы адбывалася ў Мінску (на вуліцы Берута, 3) — 5 снежня 2017-га і 5 снежня 2018-га.

Як паказвае Google Map, у Гомелі па названым адрасе знаходзяцца цырк, крамы, кавярня і банк. У Мінску на вуліцы Берута, 3 размяшчаюцца некалькі арганізацыяў: аўтастаянка, адвакацкае бюро, аўтамыйня "Пчолка Мая", турыстычнае бюро і кампанія, якая займаецца праграмным забеспячэннем для аўтаматызацыі бізнэсу ў сферы грамадскага харчавання.

Паводле інфармацыі следства, за свае звесткі ўкраінец атрымліваў ад 400 до 2000 долараў. Агулам ён атрымаў каля 10 тысяч долараў. Усе сустрэчы з ім праводзіў супрацоўнік 316-га разведцэнтру Галоўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сілаў Расіі (дыслакуецца ў Новарасійску Краснадарскага краю).

Паведамляецца, што ўкраінец перадаў расійскім разведчыкам з чэрвеня 2015-га да 3 ліпеня 2019 года 400 тэкставых, графічных і аўдыёфайлаў. Гэта была інфармацыя аб рамонце і мадэрнізацыі штурмавых самалётаў Узброеных сілаў Украіны, тэрмінах завяршэння работ, апазнавальных знаках авіяцыі ды разведтэхніцы, якой аснашчаліся самалёты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі