Ва Украіне патлумачылі, навошта складаюць "чорны спіс" спартсменаў з РБ і РФ
Спартсмены, звязаныя з сілавымі структурамі, могуць забыць пра міжнародныя спаборніцтвы / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Ва Украіне патлумачылі, навошта пачалі складаць "чорны спіс" спартсменаў з Беларусі і Расіі. Галоўная задача — ідэнтыфікаваць тых, хто атрымлівае заробкі ў Мінабароны або ў федэрацыях, створаных сілавымі структурамі, кажа намеснік міністра моладзі і спорту Украіны Андрэй Часнакоў.
"Працэс вельмі працяглы і патрабуе пэўнай пільнай працы праваахоўных органаў, у тым ліку і органаў бяспекі, таму, каб узмацніць працу нашых спартыўных федэрацый у супрацьдзеянні расійскім і беларускім федэрацыям у вяртанні спартсменаў да міжнародных спартыўных спаборніцтваў, было прынята рашэнне пачаць публікацыю такіх звестак", — цытуе словы Часнакова Радыё Свабода.
Такую ініцыятыву ў Кіеве вырашылі рэалізаваць пасля з'яўлення рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэта дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у спаборніцтвах у нейтральным статусе пры ўмове, што яны не падтрымліваюць вайну ва Украіне, не маюць заробкаў ад сілавых структур і створаных імі арганізацый. Канчатковае ж рашэнне прымаюць міжнародныя федэрацыі.
Цяпер галоўная задача — ідэнтыфікаваць усіх такіх спартсменаў і паінфармаваць аб гэтым усе міжнародныя спартыўныя федэрацыі, кажа намеснік міністра.
У спісе спартсменаў і спартыўных функцыянераў з Беларусі і Расіі, якія падтрымліваюць дыктатарскія рэжымы і вайну, пакуль толькі некалькі дзясяткаў прозвішчаў, але ён будзе пашырацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.