Вакцынацыя ва ўнівермагу: кулер, канапы і зніжка ў 30%
Пункт вакцынацыі ва ўнівермагу "Беларусь" / minsknews.by
З 25 чэрвеня атрымаць вакцыну ад COVID-19 можна ў буйных мінскіх гандлёвых цэнтрах. Адзін з такіх пунктаў для вакцынацыі абсталяваны на 6-м паверсе ва ўнівермагу "Беларусь".
Ажыятажу няма. За першыя некалькі гадзін прышчэпкі тут атрымалі 10 чалавек. Двое — прадаўцы, астатнія — наведвальнікі ГЦ. Сямёра з дзесяці выбралі кітайскую вакцыну, хаця тут прапануюць і расійскі "Спадарожнік V".
Пацыенты мусяць мець з сабой дакумент, які пацвярджае асобу. Перад прышчэпкай яны праходзяць абавязковы агляд лекара і падпісваюць згоду. У медпункце можна скарыстацца кулерам з вадой. А пасля працэдуры — пасядзець на канапе. Пасля прышчэпкі паўгадзіны пажадана правесці пад наглядам доктара.
Акрамя таго, матываваць пакупнікоў вакцынавацца ва ўнівермагу "Беларусь" вырашылі з дапамогай зніжак. З 1 ліпеня ўсім, хто тут вакцынуецца, будуць дарыць купон на зніжку ў 30%.
Зрабіць прышчэпку ад COVID-19 з 25 чэрвеня можна па наступных адрасах:
— ЦУМ (пр-т Незалежнасці, 54);
— ГУМ (пр-т Незалежнасці, 21);
— Камароўскі рынак (вул. В.Харужай, 8);
— ГЗЦ "Тытан" (пр-т Дзяржынскага, 104);
— ГЗЦ "Галерэя Мінск" (пр-т Пераможцаў, 9);
— ГЦ "Момо" (Партызанскі пр-т, 150а).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.