Версія МЗС Расіі пра пасадку самалёта Ryanair у Беларусі: не сыходзіцца час

Версія МЗС Расіі пра пасадку самалёта Ryanair у Беларусі: не сыходзіцца час

Еўрарадыё звярнула ўвагу на нестыкоўку ў версіі пра пасадку самалёта Ryanair у Беларусі, якую агучыў МЗС Расіі. Афіцыйны прадстаўнік міністэрства Марыя Захарава 24 траўня заявіла, што МіГ-29 быў накіраваны да борта Афіны — Вільня не каб змусіць яго сесці ў Мінску, а толькі каб суправадзіць — і абараніць Беларускую АЭС

У той жа дзень беларускія вайскоўцы распавялі, што знішчальнік узляцеў з Баранавічаў у 13:04, калі экіпаж Ryanair ужо даўно прыняў рашэнне пра пасадку ў мінскім аэрапорце. Маўляў, МіГам на пілотаў не ціснулі.

Версія МЗС Расіі пра пасадку самалёта Ryanair у Беларусі: не сыходзіцца час
Вось дзе знаходзіўся борт FR4978, калі, па афіцыйнай версіі, да яго вылецеў беларускі знішчальнік / Еўрарадыё

А цяпер сачыце за рукамі.

У 12:30 самалёт Ryanair перасякае мяжу з Беларуссю. Пілоты адразу ж атрымліваюць ад мінскага дыспетчара інфармацыю пра бомбу на борце.

Больш за 15 хвілінаў самалёт Ryanair працягвае ляцець на поўнач, у бок БелАЭС, і толькі ў 12:46 пачынае разварот. У гэты момант ён знаходзіцца пад Лідай — усяго ў 110 км ад атамнай станцыі. Але па версіі беларускіх вайскоўцаў, МіГ-29 яшчэ знаходзіцца на зямлі.

І толькі ў 13:04 — яшчэ праз 18 хвілінаў, калі самалёт Ryanair ужо знаходзіўся за Мінскам, — на адлегласці ў 170 км ад БелАЭС, па версіі беларускіх вайскоўцаў МіГ-29 "адрывае колы ад узлётна-пасадачнай паласы".

Версія МЗС Расіі пра пасадку самалёта Ryanair у Беларусі: не сыходзіцца час
Адлегласць ад борта Ryanair да АЭС у Астраўцы ў 12:46 і ў 13:04 / Еўрарадыё

Беларускім уладам выгадна заявіць, што знішчальнік паднялі ў паветра ўжо тады, калі пілоты Ryanair "самі" прынялі рашэнне развярнуць самалёт. Але версія, што МіГ-29 паляцеў, каб паклапаціцца пра бяспеку Беларускай АЭС, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Бо пра гэта можна (і трэба!) было клапаціцца самае малое за паўгадзіны да таго, як, па версіі вайскоўцаў, беларускі самалёт падняўся з авіябазы пад Баранавічамі.

З гэтага можна зрабіць выснову ці што вайсковы самалёт быў падняты ў паветра раней, ці што абарона БелАЭС да мэтаў яго вылету не мае ніякага дачынення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі