Версія ўрачоў наконт трагедыі ў парку Dreamland

Галоўны ўрач “Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі” Аляксандр Жынко пракаментаваў Еўрарадыё інфармацыю наконт таго, ці своечасова брыгада “хуткай” прыехала па выкліку ў аквапарк Dreamland.

Нагадаем, што ў суботу 22 жніўня з басейна мінскага забаўляльнага парка мужчына выцягнуў хлопчыка, якому стала дрэнна. Спачатку дапамогу дзіцяці аказвалі відавочцы. Потым — медсястра з аквапарка. Прыехаўшы на месца здарэння, рэанімацыйныя мерапрыемствы пачалі праводзіць медыкі з “хуткай”. Хлопчыка адвезлі ў бальніцу, дзе праз дзве гадзіны ён памёр.

Відавочцы здарэння згадваюць, што “хуткая” прыехала праз 15-20 хвілін пасля таго, як хлопчыка дасталі з басейна.

“Магу дакладна сказаць, што ад моманту паступлення выкліку да нашага прыезду прайшло пяць хвілін, — паведамляе Аляксандр Жынко.Мы бачылі каментарыі пра тое, што хуткая даязджала 20 хвілін, але гэта няпраўда. Я не магу абмяркоўваць тое, што адбывалася да нашага прыезду. Але супрацоўнікі “хуткай” аказалі дапамогу паводле нашых стандартаў і ў поўным аб’ёме, адвезлі пацыента ў бальніцу”.

Выходзіць, калі “хуткая” прыехала адразу ж пасля выкліку, то прафесіяналаў выклікалі запозна?

Такога меркавання прытрымліваецца каментатар сайта onliner.by, які назваў сябе фельчарам брыгады, якая прыехала ратаваць пацярпелага.

“Адрас нашай станцыі — Арлоўская, 64. Мы сапраўды прыехалі цягам 6 хвілін. Крыўдна за ўсё гэта. Не пішыце хлусні. Дзіця качалі непрафесійна (да прыезду “хуткай”, — Еўрарадыё), не выклікалі “хуткую” цягам 20 хвілін. Па нашым прыездзе дзіця не дыхала, сэрцабіцце адсутнічала. Брыгада “хуткай” запусціла сардэчка (свой сінусавы рытм). Дзіця пачало паддыхваць і па паказаннях было дастаўленае ў рэанімацыю 2-й дзіцячай бальніцы. Зявакі і “левая” медсястра перашкаджалі працаваць. Закрыць Dreamland і ўсе аквапаркі, таму што медперсанал кваліфікаваны адсутнічае, лепш садкі пабудуйце. Сваякам спачуванні, мы рабілі ўсё, каб выратаваць дзіцяці жыццё. Пасля гэтага візіту душу муціла проста жахліва. Пасля такіх вось візітаў хочацца сапраўды звольніцца з гэтай працы”.

Відавочца трагедыі ў Dreamland: Хлопчык абмяк і паклаў галаву на борцік

“Жанчына, якая ўбачыла яго першай, расказала, што дзіця ў слабым стане, з ватным целам, спрабавала дацягнуцца да борціка. Незразумела, быў хлопчык да гэтага пад вадой ці не, і ці з'язджаў з горкі. Ён проста на борцік паклаў руку і на руку галаву. Жанчына падбегла спытацца, ці ўсё ў парадку, а хлопчык пачаў спаўзаць у ваду. Я быў са сваім дзіцём, чакаў, пакуль ён скаціцца з горкі. І ў гэты момант убачыў, як жанчына спрабуе выцягнуць гэтага хлопчыка на борцік, напэўна, ён быў для яе зацяжкі. Я падбег, выцягнуў яго на пляцоўку паміж дзвюма горкамі”. (Чытаць далей)

Дакладная прычына смерці хлопчыка дагэтуль не вядомая. 

Фота b2b.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі