У мінскім аквапарку Dreamland патануў 10-гадовы хлопчык (відэа)
Ён жыў на Гродзеншчыне, а ў Мінск прыехаў у госці да сястры.
Сталічныя следчыя пачалі крымінальную справу ў сувязі з утапленнем дзіцяці ў аквапарку Dreamland.
Як інфармуе Следчы камітэт, здарэнне адбылося каля 18-й гадзіны 22 жніўня. Адзін з наведвальнікаў аквапарку заўважыў, што дзіцяці стала дрэнна і дастаў яго з вады. 10-гадовы хлопчык быў без прытомнасці.
Выкліканыя на месца здарэння медыкі даставілі хлопчыка ў лякарню. Але выратаваць дзіця не ўдалося: хлопчык памёр, не прыходзячы ў прытомнасць, паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Ганчарова: "Папярэдне выяўлена, што знаходзячыся ў аквапарку ў горадзе Мінску, хлопчык, які прыбыў з Гродзенскай вобласці і гасцяваў у сястры, купаўся, і ў нейкі момант яму стала кепска. Ён падплыў да борціка. Навакольныя заўважылі стан дзіцяці, дасталі яго з вады, неадкладна паклікалі інструктара. Была выкліканая брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. Дзіця даставілі ва ўстанову аховы здароўя. Але не прыходзячы ў прытомнасць ён памёр".
Следчыя правялі неабходныя працэсуальныя дзеянні. Яны ўзялі пробы вады, апыталі наведвальнікаў і работнікаў аквапарку, медработнікаў, вывучылі відэазапісы камер назірання.
Паводле папярэдніх звестак, смерць дзіцяці наступіла ў выніку ўтаплення.